Латвія спрабуе сысці ад палітыкі ў нафтавай спрэчцы з Беларуссю
- 29.11.2010, 13:57
Няпэўнасці, звязаныя з магістральнымі нафтаправодамі, якія праходзяць праз Латвію, адносяцца да грамадзянска-прававой спрэчкі паміж двума прадпрыемствамі.
Пра гэта заявіў прэс-сакратар латвійскага МЗСа Яніс Сіліс, перадае Delfi.lv. Ён адзначыў, што латвійскаму боку былі выказаныя асцярогі беларускага боку адносна дзеянняў з тэхналагічнай нафтай у трубаправодзе на ўчастку Наваполацк — Вентспілс.
«У адказе адносна асцярогаў Беларусі, перададзеным амбасадару Беларусі ў Латвіі, латвійскі бок паведамляе, што гэтае пытанне з'яўляецца грамадзянска-прававой спрэчкай паміж двума прадпрыемствамі — уладальнікам трубаправода LatRosTrans і беларускім прадпрыемствам па транспартаванні нафты «Сяброўства»,- сказаў Сіліс.
Паводле яго словаў, гэта рознагалоссі адносна таго, хто і ў якім аб'ёме можа распараджацца тэхналагічнай нафтай у трубаправодзе, і таму спрэчку трэба вырашаць у парадку грамадзянскага працэсу паміж двума прадпрыемствамі.
Пры гэтым МЗС Латвіі выказвае надзею, што спрэчка паміж LatRosTrans і «Сяброўствам» не паўплывае на міждзяржаўныя гандлёвыя і эканамічныя стасункі Латвіі і Беларусі, і яны будуць развівацца пазітыўна і ў далейшым.