Выбаркамы фарміруюцца з хуткасцю святла і без апазіцыі
- 3.11.2010, 9:06
На пасяджэнні выканкамаў, дзе ў парадку дня значыцца фарміраванне ўчастковых выбаркамаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных партыяў не пускаюць.
У Пінску 1 лістапада адбылося сумеснае пасяджэнне райвыканкама і прэзідыюма райсавета дэпутатаў. На пасяджэнні разглядалася пытанне аб фарміраванні ўчастковых камісіяў. З улікам таго, што апазіцыйныя партыі і дэмакратычныя незалежныя арганізацыі не здолелі прапанаваць сваіх людзей у раён - 70 участковых камісіяў былі сфармаваныя без дыскусіяў і абмеркаванняў ўсяго за 5 хвілінаў.
Беразоўскім райвыканкамам праігнараванае накіраванне Берасцейскай абласной радай Партыі БНФ трох прадстаўнікоў на пасяджэнне Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта па фарміраванні ўчастковых выбарчых камісіяў.
Пасяджэнне райвыканкама пачалося 1 лістапада ў 8:15, у гэты ж час з'явілася на інфармацыйным сайце райвыканкама і паведамленне аб пасяджэнні, а просьба партыйцаў праінфармаваць іх пра час правядзення гэтага выбарчага мерапрыемства папярэдне, была праігнараваная.
Прадстаўнікі партыі збіраюцца падаваць адпаведныя скаргі на парушэнне выбарчага заканадаўства.
У Жодзіне пасля станоўчага рашэння старшыні Жодзінскага выканкама Міхаіла Амельянчука пра дазвол Аляксею Лапіцкаму прысутнічаць на пасяджэнні па фарміраванні Жодзінскай гарадской камісіі, на аналагічны запыт аб магчымасці прысутнічаць падчас фармавання складу ўчастковых камісіяў атрыманая катэгарычная адмова.
У сваім адмоўным адказе кіраўнік мясцовай вертыкалі, спасылаецца на арт. 13 ВК, які рэгламентуе правы назіральнікаў, нягледзячы на тое, што праваабаронца заяву зноў падаваў як выбаршчык і грамадзянін Рэспублікі Беларусь, адзначаюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».