У Магілёве апазіцыю не пускаюць у выбаркамы
- 3.11.2010, 13:05
Прычына адмовы цынічная - адсутнасць вопыту працы ва ўчастковых камісіях.
Прадстаўнікі апазіцыі не ўвайшлі ў склад участковых камісіяў па выбарах прэзідэнта.
Пра гэта паведаміў БелаПАН кіраўнік абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Юры Новікаў.
Паводле яго словаў, пасяджэнні адміністрацыяў Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада па фарміраванні ўчастковых выбарчых камісіяў прайшлі 1 і 2 лістапада. Ніводзін з вылучаных прадстаўнікоў зарэгістраваных апазіцыйных структураў, якія ўваходзяць у кааліцыю, не ўключаны ў склад камісіяў.
Паводле словаў назіральніка ад грамадскага аб'яднання «БНФ «Адраджэньне» Барыса Бухеля, ў асноўным прычынай адмовы служыла адсутнасць вопыту працы ва ўчастковых камісіях у прадстаўнікоў апазіцыі. «Але дзе ж яму быць, калі апазіцыянераў ніколі не ўключаюць у гэтыя камісіі?», - пракаментаваў Бухель.
Усяго ад абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў было вылучана 79 прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі Ленінскага раёна Магілёва і 31 чалавек - Кастрычніцкага.
Прадстаўнікі апазіцыі маюць намер абскардзіць рашэнні адміністрацыяў двух раёнаў абласнога цэнтра ў судовым парадку.