Пры пажары на Круглянскім ільнозаводзе загінуў лейтэнант МНС
- 30.11.2010, 13:09
Узгаранне на льнозаводзе адбылося днём 27 лістапада. Паводле папярэдніх дадзеных, загарэлася льнотрэста ў рулонах.
Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні МНС па Магілёўскай вобласці, пры тушэнні пажару на ААТ «Круглянскі льнозавод» загінуў 22-гадовы лейтэнант МНС.
У ліквідацыі пажару ўдзельнічалі 22 адзінкі тэхнікі МНС і 88 чалавек асабовага складу.
Пры тушэнні абвалілася навясная жалезабетонная пліта пакрыцця, якой быў траўміраваны начальнік варты ПАВЧ-1 Круглянскага раённага аддзела НЗ. Ён быў дастаўлены ў раённую лякарню, дзе сканаў ад атрыманых траўмаў.
Як паведамілі БелаПАН у пракуратуры Магілёўскай вобласці, па факце смерці супрацоўніка МНС праводзіцца праверка, а па факце ўзгарання ўзбуджаная крымінальная справа, якую расследуе міліцыя.
«Справа ўзбуджаная 29 лістапада па частцы 3 артыкула 218 Крымінальнага кодэкса, якая тычыцца наўмыснага знішчэння маёмасці ў асабліва буйным памеры», — заявіў БелаПАН начальнік прэс-службы УУС Магілёўскага аблвыканкама Раман Посахаў. Паводле папярэдніх дадзеных, шкода ад пажару склала каля 400 млн. рублёў.
У выніку пажару згарэла 130 тон ільнотрэсты ў рулонах. Высілкамі супрацоўнікаў МНС выратавана 500 тон ільнотрэсты.
Паводле папярэдняй версіі, прычынай пажару стала неасцярожнае абыходжанне з агнём, вінаватыя асобы высвятляюцца.