«Sueddeutsche Zeitung»: Лукашэнка ўжо не можа сябе кантраляваць
- 5.11.2010, 8:51
Былы дырэктар саўгаса больш не можа разлічваць на братэрскую падтрымку Расеі, піша нямецкае выданне.
Як піша нямецкая газета «Sueddeutsche Zeitung», Аляксандр Лукашэнка адкідваецца назад, шырока разводзячы рукі. На яго твары пад вусамі з'яўляецца шырокая ўсмешка. Кіраўнік скончыў гаварыць, і ён відавочна лічыць, што ўсе істотнае ўжо сказана. Справа ад Лукашэнкі сядзіць нямецкі міністр замежных справаў Гіда Вестэрвеле (Guido Westerwelle), а яго польскі калега Радаслаў Сікорскі (Radoslaw Sikorski) размясціўся злева ад яго.
Лукашэнка паінфармаваў абодвух пра тое, што можа прапанаваць яго краіна. Ён таксама паведаміў, што прэзідэнцкія выбары, намечаныя на 19 снежня, цалкам дакладна будуць дэмакратычнымі. «Гэта мужны крок з вашага боку - тое, што вы прыехалі перад выбарамі», кажа Лукашэнка пасля завяршэння свайго выступлення. Гэта апошнія хвалебныя словы, якія абодва міністра чуюць у абклеенай блакітнымі шпалерамі і дастаткова невялікай па памеры зале для перамоваў у прэзідэнцкім палацы ў Менску, размешчаным на вуліцы Карла Маркса. Яны прыехалі разам, паколькі Лукашэнка хацеў перадаць ім пасланне. Уладар з Менска прымае іх для таго, каб перадаць Еўропе пасланне. Паляк Радаслаў Сікорскі, вядома, не можа дазволіць запужаць сябе чалавеку, які ў бліжэйшы час мае намер ў чацвёрты раз стаць прэзідэнтам. Шмат хто хоча бачыць Беларусь «еўрапейскай краінай», кажа ён, а да гэтага датычыць якраз дэмакратыя і павага правоў меншасцяў», дадае ён. Сваю міміку Лукашэнка трымае пад кантролем, але, па сутнасці, ён ужо не можа сябе кантраляваць.
«Вы не павінны лавіць мяне на слова, - павучае ён паляка. - Калі ў вас непрадузятае стаўленне, дык вы ведаеце, што гэта будуць дэмакратычныя выбары». Для Сікорскага гэта сігнал да нападу. «Мы спадзяемся, што яны будуць лепш за папярэднія, кажа ён. Усмешка замярзае на твары прэзідэнта. «Нашмат лепш, - адказвае ён салодкім як патака голасам. - Калі жадаеце». Вестэрвеле спрабуе праз нейкі час зрабіць гэта ў больш сяброўскім тоне. Ён кажа пра Еўропу як пра супольнасць, заснаваную на каштоўнасцях, і хваліць тое, што Беларусь запрасіла на выбары назіральнікаў. Ён спадзяецца на тое, што выбары будуць «свабоднымі і сумленнымі», а назіральнікі ўбачаць неабходную празрыстасць. «Вы нават самі можаце падлічыць галасы, калі хочаце», іранічна кажа Лукашэнка нямецкаму міністру. «Зразумейце, - звяртаецца да сваіх гасцей Лукашэнка, - легітымнасць для нас важней, чым для каго б там ні было на планеце». Пакуль, запэўнівае ён, у Беларусі не было недэмакратычных выбараў, што значна звужае дакладнасць яго словаў, але гэта зусім не замінае здымкам беларускага дзяржаўнага тэлебачання. Там можна будзе ўбачыць такую карціну: «Бацька», то бок мудры бацька, праводзіць аўдыенцыю, а еўрапейскія палітыкі да яго прыязджаюць.
Вестэрвеле і Сікорскі не першыя і не апошнія эмісары Захаду, якія імкнуцца ушанаваць Менск сваёй прысутнасцю. Нядаўна тут была з афіцыйным візітам прэзідэнт суседняй Літвы Даля Грыбаўскайтэ, і гэта датычыць таксама камісара Еўразвяза па пашырэнні Штэфана Фюле (Stefan Fuele). На гэтым тыдні кіраўнік канцылярыі федэральнага канцлера Рональд Пофала (Ronald Pofalla) прыязджае ў краіну, якая больш вядомая як «апошняя дыктатура Еўропы».
Уласна, стасункі былі зразумелыя, і так працягвалася на працягу дзесяцігоддзя. Захад не хацеў мець справу з беларускім парыяй, які патаптаў дэмакратыю і правы чалавека. Затое былы дырэктар саўгаса мог разлічваць на братэрскую падтрымку Расеі. Усё гэта зараз у мінулым. Калі раней Лукашэнка рэзка выступаў супраць амерыканцаў, дык зараз ён лае расейскае кіраўніцтва. Стасункі з Пуціным і Мядзведзевым «дрэнныя, і, можа быць, нават яшчэ горш», паскардзіўся ён нядаўна. Несправядліва, як ён лічыць, звольненаму былому мэру Масквы Лужкову ён гатовы даць прытулак. Расейскі прэзідэнт гнеўна на гэта адрэагаваў. Ён выступіў супраць «гістэрычных абвінавачванняў» з боку беларускага кіраўніка і паставіў пад сумнеў наяўнасьць у яго «элементарнай чалавечай прыстойнасці». Расейскія сродкі масавай інфармацыі ў апошні час актыўна займаюцца душэўным здароўем беларускага кіраўніка.
Грошы ўнеслі раскол у стасункі, якія здаваліся гэткімі цеснымі. На працягу доўгага часу Лукашэнка карыстаўся таннымі пастаўкамі энерганосьбітаў з Расеі, і такім чынам ён фінансаваў свой невялікі эканамічны бум. З саступкамі ў галіне коштаў зараз скончана, і Лукашэнка шукае сабе новых сяброў. Нядаўна прэзідэнт Чавес паабяцаў яму «нафту на 200 гадоў наперад». У кароткатэрміновым плане гэта не асабліва моцна дапамагае Лукашэнку, і таму ён перанёс запланаваныя на наступны год прэзідэнцкія выбары на 19 снежня. Справа ў тым, што ўжо са студзеня беларусы сутыкнуцца з падвышэннем коштаў на энерганосьбіты.
Таму Лукашэнка зараз з задавальненнем прымае прадстаўнікоў Захаду, хаця яму іх павучанні і дзейнічаюць на нервы. «Як гэта ні банальна - мы зацікаўленыя ў Еўропе, але Еўропа таксама не можа без нас абыйсціся. Мы знаходзімся ў самым сэрцы кантынента», кажа Лукашэнка. Ён хоча збліжэння з Еўразвязам і больш-менш свабодныя выбары падаюцца яму не надта высокім коштам. Што датычыць еўрапейцаў, дык глыбокая зіма ў расейска-беларускіх стасунках не засталася для іх незаўважанай. Перш за ўсё палякі і літоўцы лічаць, што надышоў час для таго, каб зламаць «кітайскую сцяну», што існуе паміж Беларуссю і Еўразвязам, як яе называе прэзідэнт Грыбаўскайтэ. Таму Еўразвяз пераключыўся з палітыкі патрабаванняў на палітыку абяцанняў. Забарона на кантакты з вядучымі беларускімі палітыкамі была знятая, і было абяцанае дабраславенне партнёрскай палітыкі. «Мост у Еўропу» адкрыты, абяцае Вестэрвеле ў Менску, аднак у яго чатыры апірышты: «Дэмакратыя, вяршэнства закона, правы чалавека, свабодныя і сумленныя выбары».
Якраз падчас нямецка-польскага двайнога візіту такія групы як Belarus Watch выкарыстоўвалі яго ў якасці падставы для выстаўлення сваіх патрабаванняў. Варта памятаць пра тое, што «праціўнікі рэжыму і незалежныя журналісты ў Беларусі ўсё яшчэ церпяць запалохванні і пераслед. У Беларусі не адмененае смяротнае пакаранне, а свабода выказвання меркаванняў, права на стварэнне аб'яднанняў і права правядзення сходаў рэгулярна парушаюцца».
Пераклад: Inosmi.ru