Філіп Гордан: ЗША не адменіць санкцыі ў такой сітуацыі
- 5.11.2010, 10:30
Для паляпшэння беларуска-амерыканскіх стасункаў рэжым Лукашэнкі павінен зрабіць шэраг крокаў.
«Мы далі зразумець, што хацелі б мець лепшыя, найбольш канструктыўныя стасункі з уладамі Беларусі», - паведаміў «Радыё Свабода» намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан.
Аднак, па словах намесніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі, амерыканскія санкцыі ў дачыненні да Беларусі могуць быць адмененыя толькі ў выпадку прагрэсу па пытаннях дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі:
«Прэзідэнцкія выбары, якія набліжаюцца, стануць магчымасцю для Беларусі прадэманстраваць прагрэс. Таму мы будзем вельмі ўважліва сачыць за імі і будзем гатовыя дапамагчы ў працэсе з тым, каб беларускія ўлады скарысталіся гэтым», - падкрэсліў палітык.
Філіп Гордан падкрэсліў, што адпаведнасць прэзідэнцкіх выбараў міжнародным стандартам - перадумова адмены амерыканскі санкцыяў.
Па словах Гордана, належнае правядзенне афіцыйным Менскам выбараў можа адкрыць шлях і да аднаўлення функцыянавання амбасады ЗША ў Беларусі ў поўным аб'ёме:
«Прычына, па якой у нас няма амбасадара ў Беларусі - гэта не наш выбар, гэта іх выбар - у адказ на санкцыі, якія мы ўвялі, кіруючыся матывамі дэмакратыі і правоў чалавека. Мы б хацелі ўбачыць нашага амбасадара там заўтра. Мы не думаем, што адсутнасць амбасадара - гэта шлях, які дазваляе эфектыўна кантактаваць з уладамі», - падсумаваў намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан.