BE RU EN

Барысаў: 112 участкаў - за 12 хвілінаў

  • 5.11.2010, 13:31

У Барысаўскім раёне створана 112 участковых выбарчых камісіяў - больш за ўсё ў Менскай вобласці.

Якое ж было здзіўленне прадстаўніка прафсаюза РЭП Марыны Статкевіч, якую дапусцілі на паседжанне райвыканкама па фарміраванні складу ўчастковых камісіяў, калі важнае мерапрыемства працягнулася ўсяго 12 хвілінаў!

На пасяджэнні было паведамлена, што 243 чалавекі былі вылучаныя ва ўчастковыя камісіі ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў, 484 - ад працоўных калектываў, 468 - ад грамадскіх аб'яднанняў, 35 з якіх - ад палітычных партыяў, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

«У прынцыпе, назіраць было не за чым, - распавядае Марына Статкевіч. - Кандыдатуры сябраў участковых камісіяў не абмяркоўваліся і не зачытваліся. Засталося таямніцай, ці увайшлі ў склад участковых камісіяў апазіцыянеры. Было толькі сказана, што са складам участковых камісіяў можна будзе азнаёміцца праз выканкамаўскую газету "Адзiнства" на працягу сямі дзён з моманту прыняцця рашэння».

Варта заўважыць, што ў падобных газетных публікацыях не паказваецца месца працы чальцоў участковых камісіяў. Атрымаць жа такія звесткі на паседжанні па фарміраванні камісіяў Статкевіч не атрымалася.

Апошнія навіны