BE RU EN

ОРТ: Сустрэнемся на плошчы (Відэа)

  • 13.12.2010, 8:58

Першы канал Расеі ў чарговы раз адзначыў, што сапраўдных выбараў у Беларусі няма.

Падаем сюжэт тэлеканала ОРТ пра Беларусь у нядзельнай выніковай праграме «Час», які не быў паказаны ў Беларусі.

У Беларусі праз тыдзень пройдуць выбары прэзідэнта – перадвыбарчая барацьба 10 кандыдатаў ад апазіцыі з дзеючым кіраўніком Лукашэнкам праходзіць у напружанай і нават часам камічнай абстаноўцы.

Адзін куплет – апазіцыянера, іншы – на ламанай расейскай ад імя вернага лукашыста. Калі слухаць песні Лявона Вольскага, беларускіх газетаў можна, увогуле, не чытаць. Ёсць прыпеўкі і пра Венесуэлу, дакладней, пра танкер, які вязе нафту для Лукашэнкі.

Але на гэтым тыдні Лявон Вольскі спявае пра дэбаты кандыдатаў на беларускім тэлебачанні, куды Лукашэнка адмовіўся прыйсці.

Перадвыбачныя дэбаты на беларускім ТБ праходзілі ўпершыню з 1994 года. 16 гадоў таму на іх выступаў малады кандыдат Лукашэнка. Але ў гэты дзень ён аддаў перавагу не адказваць на пытанні апанентаў, а выступаць сольна на Усебеларускім сходзе.

Аляксандр Лукашэнка: «Мы ведаем, што рабіць, і мы гэта будзем рабіць у новай пяцігодцы! Народны сход – штосьці накшталт з'езду КПСС, дзе абмяркоўваюць пяцігодку. Лукашэнка запланаваў справы на 5 гадоў наперад і загадзя сказаў, што ўладу не аддасць! Як быццам і няма ніякіх выбараў!.

Ролік дрэннай якасці, дзе малавядомыя музыкі спяваюць пра нейкага «Саню», з'явіўся ў Інтэрнэце: «Мама прасіла, застанься з намі, тата прасіў, застанься з намі, Саня, застанься з намі…». Спачатку гэта прынялі за жарт. Але з беларускага міністэрства інфармацыі паступіла распараджэнне на ўсе радыёстанцыі: ставіць песню ў эфір прынамсі 7 раз у суткі.

Аўтары «Сані» без усякай асаблівай раскруткі сталі папулярныя. Дзяржаўнае тэлебачанне за некалькі тыдняў выпусціла кліп «Саня». А музыкі працуюць над новым альбомам. Пра каханне.

5 гадоў таму, напярэдадні мінулых выбараў, беларускі ансамбль «Сябры» выканаў агітацыйны хіт «Бацька», перасягнуць які, здавалася, немагчыма: «Ладно сшит и крепко сложен, он плохому не научит, батька всех построить может, батька всех других покруче».

Але зараз такой агітацыі падалося мала. На гэтым тыдні ў эфіры з'явілася песня «Наш прэзідэнт»: «У думках і працы, бацька-прэзідэнт, у радасцях, смутку і малітвах».

Лявон Вольскі, музыка: «Нейкі хор дзетак пры МУС спявае. Там усё ёсць, усё! І тое, што прыабняў ветэрана, і тое, што манумент! І салдаты строем ідуць. Так спецыяльна не напішаш!»

Замацаваў падрыхтоўку перад выбарамі канцэрт «ВІА-гры» ў Менску. У гэтую суботу Лукашэнка танчыў на дыскатэцы разам з нясціплымі дзяўчатамі.

Сіла мастацтва на беларускага пенсіянера Івана Фёдаравіча зрабіла ўражанне.

Іван Мінакоў, пенсіянер: «Толькі за прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Толькі!»

Іван Фёдаравіч з гонарам называе сябе лукашыстам. Ён пойдзе галасаваць за свайго бацьку ў чацвёрты раз запар. І аргумент яго просты.

Іван Мінакоў: «Ён бліжэй за ўсіх да народа, бліжэй за ўсіх. Ён у полі, ён на заводзе, ён на фабрыцы, ён паўсюль, дзе людзі працуюць».

Карцінку, дзе Лукашэнка ў полі, на заводзе ці прымае парад, мантуе рэжысёр Беларускага тэлебачання Яўген Шапчыц. На кадрах Аляксандр Рыгоравіч абгульвае ў тэніс пераможцу «Вялікага шлема» беларуску Вікторыю Азаранку.

Ну, а пасля працы Яўген Шапчыц мантуе іншае відэа: пра тое, як у звычайную менскую кватэру зазірнулі зборшчыкі подпісаў, а ўнук схаваў бабулін пашпарт.

На той жа кухні, дзе здымалася караткаметражка пра бабулю, рэжысёр Шапчыц распавядае, як яго звольнілі. І ні пра што не шкадуе.

Яўген Шапчыц, рэжысёр: «Некаторыя казалі: дарма ты гэта зрабіў, сядзеў бы спакойна, працаваў нармальна. Але нармальна – не ёсць добра».

Ці паўплывала мастацтва на беларускую палітыку – складана сказаць. 10 кандыдатаў. Іх можна падзяліць на два лагеры: 9 супраць Лукашэнкі і адзін, уласна, ён сам.

Уладзімір Някляеў, кандыдат у прэзідэнты Беларусі: «Прызнанне выбараў прэзідэнцкіх азначае прызнанне ўлады Лукашэнкі яшчэ на 15 гадоў».

Апазіцыйны кандыдат Уладзімір Някляеў пакінуў студыю, а на наступны дзень паставіў трыбуну ў цэнтры Менска, насупраць адміністрацыі Прэзідэнта. Як бы запрашаючы Лукашэнку выйсці.

Уладзімір Някляеў: «Выбары фальсіфікуюць, не прызнаем гэтыя выбары. Другое, чаго патрабуе плошча – новыя выбары без удзелу Лукашэнкі. Усё зразумела ўсім!»

На плошчы, дзе роўна праз тыдзень беларуская апазіцыя збіраецца чакаць вынікаў выбараў, ужо паставілі ёлку і пачалі заліваць каток. Кандыдаты праводзяць у Менску мітынгі – так званыя рэпетыцыі «плошчы».

Лукашэнка ж адрэпетаваў 5 гадоў таму. Намётавае мястэчка на мінулых выбарах разагналі дубінкамі.

На сустрэчах з выбаршчыкамі кожнаму кандыдату задаюць гэтае пытанне: «Мы стаім дзень, стаім два... Што далей?»

Канкрэтнага адказу не можа даць ніхто. Кажуць, што план на 19 снежня ёсць, але яго пакуль не хочуць агалошваць.

Андрэй Саннікаў, кандыдат у прэзідэнты Беларусі: «Мы жывём пры дыктатуры. Як толькі мы загадзя абвяшчаем пра нашы планы, яна паспрабуе іх разбурыць. Галоўнае, каб як мага больш людзей прынялі ўдзел у нашай кампаніі».

Сакрэтны план апазіцыі не звязаны са штурмам адміністрацыі Лукашэнкі. Кажуць, што гэта можа быць нацыянальны страйк. Але дзеянні апазіцыі будуць больш рашучымі толькі ў тым выпадку, калі на плошчу выйдуць дзясяткі тысячаў чалавек.

Лявон Вольскі, музыка: «Вось было апытанне ў Інтэрнэце, я чытаў, што такое дэмакратыя? Высветлілася, што большасць не ведаюць адказу. Я, вось, у школе вучыў, што дэмакратыя – гэта два словы грэчаскія – улада народа».

Беларускія выбары – усё адно што антычны тэатр. У Старажытнай Грэцыі на сцэну выходзіў чалавек і распавядаў змест, але і дзеючыя асобы, і гледачы ў зале паводзілі сябе так, як быццам не ведаюць, чым скончыцца. Аднак розніца паміж старажытнымі грэкамі і сучаснымі беларусамі ўсёткі ёсць. Тыя збіраліся дзеля задавальнення ад працэсу, а беларусы ўсёткі спадзяюцца на нейкі фінал.

Апошнія навіны