BE RU EN

Пад «дахам» украінскай кампаніі экзіт-пол будзе праводзіць БРСМ

  • 16.12.2010, 10:00

Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю тэлеканалу БЕЛСАТ палітолаг Юры Чавусаў.

Пад «дахам» кампаніі «TNS-Украіна» на выхадзе з выбарчых участкаў апытанні будуць праводзіць прадстаўнікі БРСМ, заявіў палітолаг. Пры гэтым Юры Чавусаў нагадаў, што з-за ціску ўладаў незалежныя службы гэты від даследаванняў праводзіць адмовіліся. Палітолаг таксама мяркуе, што ўлады могуць нават дазволіць адкрыты падлік галасоў 19 снежня, паколькі адсотак, які гарантуе «перамогу» Аляксандру Лукашэнку, яны забяспечаць падчас датэрміновага галасавання.

«Рэйтынгі - гэта элемент не навуковай сацыялогіі, а піяру, - кажа палітолаг Юры Чавусаў. Мы тут не назіраем рэзкай змены рэйтынгаў у выглядзе звестак, якія сацыёлагі атрымліваюць. Мы назіраем рэзкую змену лічбаў, на якіх акцэнтуюць увагу гэтыя ж сацыёлагі, калі прэзентуюць вынікі сваіх даследаванняў для прэсы».

Замова ж даследаванні каналам АНТ сведчыць пра тое, што ўлада хоча, каб выбарчая кампанія выглядала па-заходняму. «Але ў нашых суседзяў гэта робяць, як правіла, незалежныя СМІ. Экзіт-пол, у пэўным сэнсе, - гэта прылада медыйнай барацьбы паміж СМІ за тое, каб як мага раней паведаміць вынікі галасавання, а не каб іх абвергнуць», - растлумачыў Юры Чавусаў.

Апошнія навіны