BE RU EN

Акцёр скандальнага роліка пра бабулін пашпарт звольнены з працы (Відэа)

  • 2.12.2010, 9:56

Следам за рэжысёрам папулярнага роліка працу страціў і акцёр.

Акцёр са скандальнага роліка пра бабулю і пашпарт рэжысёра Яўгена Шапчыца страціў сёння працу. Павал Бандзіч упэўнены – яго звольнілі па сігнале са спецслужбаў, піша сайт «Мы».

Нагадаем, ролік «Схавай бабулін пашпарт» стаў хітом у байнэце за пару дзён. Малады рэжысёр відэа Яўген Шапчыц неўзабаве страціў працу на БТ.

У роліку абыгрываецца даўні жарт пра бабуляў, якіх лепш пакінуць без дакументаў перад чарговымі беларускімі выбарамі прэзідэнта.

Следам за Шапчыцом звольнены і Павал Бандзіч, які сыграў «гапаватага» выгляду зборшчыка подпісаў за Жырафенку. Малады чалавек кіраваў тэатральным гуртком у Сахараўскім універсітэце.

«Па адукацыі я рэжысёр, педагог, арганізатар. У калектыве праблемаў не было. У мяне быў бестэрміновы кантракт… Матывіроўка звальнення? «Ну Вы ж разумееце ў чым справа…». Я не стаў і не стану аспрэчваць звальненне – людзі добрыя», - распавёў Бандзіч.

Ён упэўнены, што за яго звальненнем, як і за Шапчыца, стаяць ідэолагі са спецслужбаў.

«Я наогул далёкі ад палітыкі. Але тут яна ўмяшалася – без сумневу», - падкрэсліў Бандзіч.

Малады чалавек яшчэ не шукаў працу. Кажа, прапанавалі трактарыстам. Правы ёсць.

Апошнія навіны