BE RU EN

Пасля пажару на «Пінскдрэве» звальняюць людзей

  • 3.12.2010, 14:41

Па «дамове» бакоў ужо звольнена каля дваццаці чалавек.

На афіцыйным сайце прадпрыемства паведамляецца пра 22 звольненых, піша «Народная воля».

У інфармацыі, якая распавядае пра прынятыя меры па ліквідацыі наступстваў пажару і надзвычайнай сітуацыі, якая паўстала, паведамляецца:

«Колькасць супрацоўнікаў «Пінскдрэў-ДСП» на дату аварыі складала 182 чалавекі. Адміністрацыяй прадпрыемства прынятыя меры па іх працаўладкаванні шляхам пераводу ў іншыя падраздзяленні холдынгавай кампаніі. Пераведзены і працуюць 130 чалавек, у адпачынках знаходзяцца 5 чалавек, пасля завяршэння адпачынкаў яны таксама будуць працаўладкаваныя ў іншых падраздзяленнях. 5 пацярпелых знаходзяцца на лекаванні і 5 чалавек — на бальнічных з прычынаў не звязаных з аварыяй. Звольнены за з'яўленне на працы ў стане алкагольнага ап'янення 1 чалавек, у сувязі з адмовай працаўнікоў ад працягу працы са зменай істотных умоваў працы — 2 чалавекі. Звольніліся па дамове бакоў - 20 чалавек», - гаворыцца ў паведамленні.

Адміністрацыя прадпрыемства паведамляе і пра дапамогу, якую атрымалі пацярпелыя падчас пажару супрацоўнікі і іх сем'і. Так, кожнай сям'і загінулага прадпрыемства выплаціла адзіначасовую матэрыяльную дапамогу ў памеры сто мільёнаў рублёў. Працаўнікі, якія атрымалі цяжкія целавыя пашкоджанні, атрымалі па 60 мільёнаў рублёў. Тым, хто атрымаў менш цяжкія целавыя пашкоджанні, – 23 мільёна рублёў.

Дарэчы, да ўгодак трагедыі на «Пінскдрэве» павінен з'явіцца памятны знак пра загінулых на месцы разбуранага цэха. Такое рашэнне было прынятае на сесіі гарадскога Савета. Фінансаванне ўсіх работаў ускладзена на само прадпрыемства.

Таксама на сесіі было прынята рашэнне даручыць Пінскаму гарвыканкаму сумесна з ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» штогод 25 кастрычніка праводзіць мерапрыемствы ў памяць пра загінулых.

Апошнія навіны