Лукашэнка: Мы карачымся перад Расеяй кожны раз напярэдадні Новага года (Абноўлена)
- 6.12.2010, 13:32
Больш за тры гадзіны выступаў беларускі дыктатар на арганізаваным ім жа так званым «усебеларускім сходзе».
Спачатку яго прамова ішла выключна ў прапагандысцкім ключы ў стылі з'ездаў КПСС і ў значэнні «дагонім і перагонім». Затым Аляксандр Лукашэнка не вытрымаў і накінуўся на Расею.
Беларускі кіраўнік заявіў, што лічыць ненармальнай сітуацыю, калі кожны раз напярэдадні Новага года даводзіцца «карачыцца перад Расеяй» за нафту, перадае «Інтэрфакс-Захад».
«Хіба гэта нанрмальна, калі беларускім службоўцам даводзіцца карачыцца ў Маскве кожны раз напярэдадні Новага года, выпрошваючы бараль нафты?», - заявіў Лукашэнка.
«Кожны раз у людзей свята, а ў нас усе, ад прэзідэнта і да кіраўніка дэпартамента, карачымся ў Маскве ці яшчэ недзе, выпрошваем бараль нафты ці кубаметр газу. Гэта ненармальна. Таму сёння пастаўленая задача. І яна рэалізоўваецца. І не таму, што Расея дрэнная», - сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён працягнуў: «Мы заўсёды па-братэрску гаворым: мужыкі, скажыце, што вам трэба, і мы гатовыя. У пажарныя часы мы знялі палову сваіх выратавальнікаў і адправілі на дапамогу Расеі», - сказаў ён.
«Мы ніколі ні ад каго не пацерпім, пакуль я прэзідэнт, каб нас штурхалі, каб нас пхалі, каб нам білі ў морду. Гэтага ніколі не будзе», — заявіў Лукашэнка.
«Нам заўсёды было няпроста супрацоўнічаць з новай Расеяй. Але іншай няма, гэта і нашая Расея, там жывуць рускія людзі, нашыя людзі, і мы гатовыя з імі працаваць», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.
«Гаворачы пра Расею, пытанне ж не ў асабістым, што вось Лукашэнка такі, вось ён канфліктны, такі і гэтакі, не. Пытанне не ў гэтым, пытанне толькі ў эканоміцы, я гатовы трываць усё, бруд, што заўгодна дзеля сваёй краіны, дзеля людзей, але я не магу пагадзіцца, калі мне пад новы год у два разы паднімаюць кошты. Як тады будаваць дзяржаву для народа?» — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка таксама лічыць абгрунтаваным жаданне беларускага боку ўдзельнічаць у здабычы нафты на тэрыторыі Расеі.
«Я кіраўніцтву Расеі заўсёды казаў: мы не жадаем ніякіх прэферэнцый. Дайце нам магчымасць у Расеі - дзе мы ў савецкія часы будавалі свідравіны, здабычы, гарады - працаваць на такіх жа ўмовах, як амерыканцы і Захад», - сказаў Лукашэнка.
«Пакуль адказу няма. Таму даводзіцца ехаць за Атлантыку», - рэзюмаваў ён, нагадаўшы, што сёлета Беларусь пачала здабываць нафту ў Венесуэле. «Нядрэнна было б і ў нашай Расеі мець такія радовішчы», - адзначыў Лукашэнка.
Ён нагадаў, што «нас пляснулі па галаве і закрылі рынак на пастаўку прадукцыі ў Расею». «Мы павінны падзякаваць ЕЗ, што яны так не зрабілі. Мы сёння гандлюем з ЕЗ больш, чым з Расеяй», - сказаў кіраўнік.
Лукашэнка заўважыў, што ў «апошні час улада ў Расеі выбудоўвае нейкую іншую мадэль стасункаў. Гэты курс патрабуе стратэгічнага асэнсавання».
Кіраўнік заявіў, што Беларусі сёння прапаноўваюць уступіць у Еўразійскі саюз. «Мне падкідаюць ідэю Еўразійскага саюза. Даслалі дэкларацыю. Ёсць жа ЕўрАзЭС, АДКБ, «саюзная дзяржава». Вось яшчэ новае ўтварэнне», - сказаў Лукашэнка.
Дыктатар адзначыў, што «тое, што мы «целяпаемся» па стварэнні Мытнага саюза, ужо даўно створана ў межах «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі». «Мне сорамна цяпер казаць пра нашыя беларуска-расейскія адносіны. Выступае прэзідэнт Расеі і ні слова пра адносіны «саюзнай дзяржавы». Быццам няма той каласальнай працы, праробленай за гады па стварэнні «саюзнай дзяржавы», - падкрэсліў Лукашэнка.
Ён канстатаваў, што «разлічваць трэба толькі на сябе». «Будуць краіны былога Савецкага Саюза з намі па-чалавечы размаўляць, мы не злапомныя. Але эканоміку трэба будаваць зыходзячы з уласных рэсурсаў», - падкрэсліў Лукашэнка.
«Краіна не прагнулася, нягледзячы на неймаверны ціск і шантаж з усіх бакоў. Мы не далі загубіць створаную палітычную і сацыяльную стабільнасць. Мы захавалі народны здабытак, які сышоў у іншых краінах за бясцэнак», - адзначыў ён.
«Ніхто не будзе за нас вырашаць нашыя праблемы і задачы: ні Масква, ні Вашынгтон, ні Брусэль. Мы павінны рашуча пазбавіцца ад недасканалай, лёкайскай псіхалогіі залежнасці ад кагосьці мацнейшага і недаацэнкі ўласных магчымасцяў», - заявіў Лукашэнка.
Мабыць, у якасці аргументу «развіцця краіны» Лукашэнка заявіў, што сёння Беларусь гатовая вырабляць… касмічныя апараты.
«Мы стварылі завод, які ў стане вырабляць унікальныя касмічныя апараты», - сказаў ён.
Нагадаем, што некалькі гадоў таму беларускі спадарожнік быў няўдала запушчаны з расейскага касмадрома і быў страчаны.