BE RU EN

ДзяржСМІ рыхтуюць грамадскую думку да фальсіфікацый

  • 6.12.2010, 13:37

СМІ Салігорскага раёна актыўна агучваюць лічбы рэйтынгаў кандыдатаў і яўкі выбарнікаў.

Крыніцай гэтай інфармацыі з'яўляюцца дадзеныя Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі Лукашэнкі. Лічбы незалежных сацслужбаў ні газета «Шахцёр», ні Салігорскі тэлеканал не прыводзяць, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

«Раённыя СМІ насамрэч кажуць не пра прагназуемыя адсоткі, а пра запланаваныя цяперашнімі ўладамі. Бо незалежныя апытанні паказваюць зусім іншыя лічбы. Па сутнасці, жыхароў Салігорска ўжо маральна рыхтуюць да фальсіфікацый. Яўку нам абяцаюць у 90%. А рэйтынг прэзідэнта, які нібы ўвесь час расце, паводле іх дадзеных ужо каля 70%, - выказвае сваё меркаванне салігорскі актывіст Рыгор Астапеня.

Варта адзначыць, што паралельна дзяржСМІ даюць параўнальную статыстыку выбараў 1994 года і выкарыстоўваюць прапагандысцкія прыёмы: «Беларусь у той час знаходзілася на мяжы развалу. Жабрацкая зарплата, галапавальная інфляцыя, крушэнне многіх сацыяльных інстытутаў, развал эканомікі. Сёння гэта ўжо ў мінулым... Сёння нашая краіна ўпэўнена ідзе наперад. І змены ў нашым жыцці відавочныя. Нам ёсць чым ганарыцца. Таму кожны, перш чым зрабіць свой выбар, павінен грунтоўна падумаць». Тут, аднак, не паспрачаешся. Падумаць сапраўды ёсць над чым.

Апошнія навіны