Райвыканкам «прачнуўся» толькі напярэдадні выбараў
- 8.12.2010, 11:17
Лельчыцкі райвыканкам толькі зараз пашырыў колькасць месцаў для правядзення перадвыбарчай агітацыі.
Як паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары», 2 снежня Лельчыцкі райвыканкам сваім рашэннем №1054 унёс змены і дадаткі ў ранейшы дакумент пад №952 ад 8 лістапада «Аб вызначэнні ў Лельчыцкім раёне месцаў для правядзення кандыдатамі ў прэзідэнты РБ, іх даверанымі асобамі мерапрыемстваў з мэтай ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі ў 2010 годзе». Змены зробленыя ў бок пашырэння месцаў для агітацыі на вуліцы.
Так, масавыя мерапрыемствы не ў памяшканнях можна праводзіць у «любых прыдатных для гэтых мэтаў месцах на тэрыторыі Лельчыцкага раёна». Выключэнне складаюць: цэнтральная плошча г. п. Лельчыцы, масты і аўтадарогі. На адлегласці не менш за 200 метраў ад райвыканкама, не менш за 50 метраў ад будынкаў сельскіх выканкамаў, сілавых структураў, адукацыйных установаў, будынкаў суда, пракуратуры. Сюды ж патрапілі будынкі філіала №7 «Гомельаблаўтатранс», ЦРБ, РВЭС, РУПС, два аддзяленні банкаў.
Рашэнне ўступіла ў сілу пасля яго афіцыйнага надрукавання – 4 снежня ў дзяржаўнай газеце «Светлае жыццё».