Затрымалі і абрабавалі лідэра «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча (Абноўлена)
- 8.12.2010, 17:46
Моладзевага лідэра затрымалі ў цэнтры Менска і даставілі ў Першамайскі РУУС.
Аўтамабіль лідэра «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча спынілі ў 16.45 на вуліцы Кузьмы Чорнага супрацоўнікі ДАІ. Прычым апазіцыянера пераследавалі на аўтамабілі з уключанай сірэнай. Палітыку паведамілі, што паступіў сігнал ад нейкіх «бабуляў», што ў гэтым раёне ездзіць кіроўца без правоў.
Як паведаміў Дашкевіч сайту charter97.org, супрацоўнікі ДАІ пасля нейкай праверкі заявілі, што ў базе кіроўчых пасведчанняў прозвішча Дашкевіча няма, і даставілі яго ў Першамайскі РУУС Менска. Зараз у аддзяленні складаюць пратакол аб канфіскацыі ў Дашкевіча дакументаў.
«Правы ёсць. Атрымліваў у Дзяржаўтаінспекцыі Менска. Зразумела, дзе гэтыя «бабулькі» працуюць. Відавочная наводка КДБ. Мы ўвайшлі ў актыўную фазу перадвыбарчай кампаніі. Маё сённяшняе затрыманне і затрыманне Алеся Пушкіна сведчаць, што выбарчая кампанія ў Беларусі набывае знаёмыя для нашага грамадства рысы», - пракаментаваў Дашкевіч.
Праз гадзіну высветлілася, што ў базе пасведчанне Дзмітрыя Дашкевіча ўсё-ткі прысутнічае. Тым не менш, міліцыянты заявілі, што яно можа быць падробленае. Калі ў РУУС прыехалі назіральнікі місіі БДІПЧ АБСЕ, супрацоўнікам міліцыі давялося прызнаць, што правы кіроўцы Дашкевіча ўсё-ткі сапраўдныя. Тым не менш, быў канфіскаваны аўтамабіль актывіста нібыта для праверкі, ці не знаходзіцца ён ва ўгоне. Апазіцыянеру параілі прыйсці па машыну праз 10 дзён.
«Я ім адказаў, што 20 снежня прыеду з дзяржнумарамі, «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сцягам!», - распавёў Зміцер Дашкевіч.
Нагадаем, што сёння ў сваім доме таксама быў арыштаваны мастак і актывіст апазіцыі Алесь Пушкін. Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла яго жонка.
«Прыехала група міліцыянтаў на чале з оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку Крупскага РАУС маёрам Андрэем Андрейкавым. Яны «скруцілі» мужа і гвалтам вывезлі яго з хаты», - распавяла жонка Алеся.
Паводле яе словаў да Алеся Пушкіна прыходзіў мясцовы валацуга, які лаяўся і правакаваў мужа на бойку.
Пасля таго, як «няпрошаны госць» пакінуў двор прыватнага дома, адразу прыімчалі міліцыянты. Яны сцвярджалі, што атрымалі заяву на нібы арганізаваную Алесем Пушкіным бойку.
Жонка не сумняваецца, што супраць Алеся Пушкіна арганізавалі чарговую правакацыю. Суразмоўніца нагадвае, што падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў Алесь Пушкін таксама быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак арышту. Тым самым ён быў пазбаўлены магчымасці ўдзельнічаць у палітычных акцыях апазіцыі.
У РАУС у дачыненні да Алеся Пушкіна склалі два пратаколы - па артыкулах «хуліганства» і «непадпарадкаванне дзеянням супрацоўнікаў міліцыі». Да заўтрашняга суда мастака пакінулі пад вартай.