Нацболаў затрымалі за патрабаванне «іншага прэзідэнта» (Фота)
- 9.12.2010, 9:26
Каля 10 чалавек прынялі ўдзел у першым з чатырох санкцыянаваных перадвыбарчых пікетаў нацыянал-бальшавікоў.
Акцыя прайшла ўвечары 8 снежня каля помніка Пушкіну ля менскага гатэля «Беларусь», паведамляе БелаПАН.
У 19 гадзінаў яны сталі ў шэраг з транспарантам «Iншага прэзідэнта». Надпіс быў выкананы белымі літарамі на чорным фоне.
Як заявіў лідэр беларускіх нацболаў Яўген Кантуш, акцыя праводзілася ў знак пратэсту супраць палітыкі цяперашняй улады, якая перашкаджае дзейнасці грамадскіх і іншых арганізацыяў. Па словах Кантуша, акцыі НБП дазваляюць у самых непрыдатных месцах, таму акрамя санкцыянаваных (наступныя намечаны на 10, 14 і 16 снежня) партыя плануе праводзіць і несанкцыянаваныя мерапрыемствы.
У 19.25 актывісты прынялі рашэнне перайсці ў больш люднае месца. Акцыя працягнулася ў 19.35 каля гатэля «Юбілейны». Частка нацболаў стала з транспарантам «Iншага прэзідэнта», частка раздавала мінакам улёткі са зваротам.
Прыкладна праз 10 хвілінаў, калі было прынятае рашэнне спыніць акцыю, да прыпынку насупраць гатэля пад'ехаў мікрааўтобус з нумарам 9430 IK-7. Двое асобаў у цывільным выйшлі з аўтобуса і затрымалі нацбола і журналіста БелаПАН. Іх даставілі ў Цэнтральны РУУС, дзе дзяжурны перапісаў іх дадзеныя.
Пасля гутаркі з начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Менгарвыканкама Ігарам Яўсеевым і нам. начальніка РУУС затрыманыя былі адпушчаныя.