Мядзведзеў сустрэўся з Лукашэнкам сам-насам - прэсу не пусцілі
- 9.12.2010, 14:54
Кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў у чацвер у Крамлі правялі перамовы.
«Падчас сустрэчы, якая доўжылася больш за паўтары гадзіны, закраналіся актуальныя праблемы двухбаковых адносінаў», - заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» старшыня прэс-службы кіраўніка беларускай дзяржавы Павел Лёгкі.
Ён удакладніў, што сустрэча кіраўнікоў дзяржаў праходзіла за зачыненымі дзвярыма, прадстаўнікі СМІ не былі дапушчаныя нават на пратакольныя здымкі.
Пасля перамоваў Лукашэнка і Мядзведзяў выйшлі вітаць прэзідэнта Казахстана. У гэты ж час прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да прадстаўнікоў СМІ, заўважыў: «Вы не паспяваеце за намі».
Прэс-служба прэзідэнта РФ паведамляе, што Дзмітрый Мядзведзеў і Аляксандр Лукашэнка правялі асобную двухбаковую сустрэчу да пачатку паседжання кіраўнікоў дзяржаў краінаў-удзельніц Мытнага саюза.
«Падчас сустрэчы абмяркоўвалася супрацоўніцтва Расеі і Беларусі ў рамках Мытнага саюза», - паведаміла журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Наталля Цімакова, не ўдакладніўшы іншых падрабязнасцяў сустрэчы.