Леанід Заіка: «Калі кошты не зменшацца – трэба змяняць урад»
- 1.02.2010, 10:43
У сувязі з уступленнем Беларусі ў Мытны саюз павінны патаннець бензін, газ і камунальныя паслугі.
Пра тое, калі жыхарам Беларусі варта чакаць першых станоўчых вынікаў ад уступлення краіны ў Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам, ад стварэння адзінай эканамічнай прасторы і бязпошліннага руху тавараў унутры яе, Euramost.org распавёў кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.
– Асобныя палажэнні Мытнага саюза ўжо пачалі дзейнічаць. Напрыклад, павелічэнне тарыфных ставак мытных пошлінаў на ўвазныя аўтамабілі. Што яшчэ можна чакаць у хуткім часе?
– У адпаведнасці з рашэннем у Маскве, якое прыняў Сечын, мы можам закупляць нафту па ўнутраных расейскіх коштах. Унутры Расеі гэтая ж нафта, перапрацаваная, у выглядзе бензіну прадаецца па 70 цэнтаў за літр. У нас – па даляры. Такім чынам, калі мы рэалізуем, дык ужо 2 лютага мы можам пад'ехаць на запраўку і заліць бензін па 2 тысячы за літр. Вось і паглядзім: ці зробіць гэта беларускі ўрад, калі ён так любіць свой народ. Другое – у Мытным саюзе мы будзем карыстацца роўнымі тарыфамі на газ. Значыць, і кошты на газ павінны зменшыцца да ўзроўня ўнутрырасейскіх. Я так лічу, што на 15-20% павінны патаннець камунальныя плацяжы для беларусаў. Паглядзім у сакавіку месяцы, колькі з нас будуць браць за ацяпленне. Акрамя таго, Мытны саюз дае магчымасць купляць адзін у аднаго тавары, якія вырабляюцца з мінімальнымі выдаткамі, з мінімальнымі коштамі. Гэта будзе вялікая група тавараў: пачынаючы з вопраткі і абутку, складаныя тэхнічныя тавары. У Расеі, дарэчы, ажыццяўляецца зборка тэлевізараў і халадзільнікаў па замежных ліцэнзіях. Яны танней за нашыя. І калі мы ўбачым, што адсоткаў 40 тавараў у крамах сталі танней, тады кожны спажывец зможа ацаніць выгоды ад гэтага саюза.
– Вы сказалі, што нафта і газ у нас будуць па расейскіх коштах, але ўсумніліся, што бензін і камунальныя паслугі патаннеюць. Вы лічыце, што наш народны ўрад на чале з усенародна абраным прэзідэнтам не адкажуць падобным крокам на спадзяванні народа?
– Беларускі ўрад існуе і працуе дзеля народа. Але, не ўбачыўшы 2 лютага зніжэння коштаў на бензін, а ў сакавіку – на камунальныя паслугі, мы зможам вярнуцца да гэтай тэмы. І спытаць у нашага народнага ўрада: «Чаму ў Расеі расейскія крывапіўцы-алігархі прадаюць бензін па 70 цэнтаў, а родны беларускі ўрад прадае нам яго не танней напалову, а даражэй»? Чаму, што гэта за ўрад? Можа, трэба яго змяніць, калі ён працуе так дрэнна? Калі нам даюць такую танную нафту, а грошы гэтыя знікаюць. Значыць, гэта робіцца не для беларускага народа. Калі вы паглядзіце на камунальныя плацяжы і ўбачыце, што там сумы не зніжаныя, умовы ёсць, газ танней ёсць, Мытны саюз ёсць – значыць трэба змяняць урад! І беларусы павінны пра гэта думаць увесь час. Я думаю, што лепшага прыкладу, чым кошты на бензін, наогул прыдумаць складана. Каб пераканацца ў тым, ці не дзейнічае беларускі ўрад супраць свайго народа.
– Калі да нас пойдуць тавары з Расеі і Казахстана па коштах ніжэйшых, чым аналагічныя тавары айчынных вытворцаў, дык гэта прывядзе да банкруцтва шмат якіх беларускіх заводаў. А гэта – рост беспрацоўя…
– Вядома! А як вы хацелі? Узгадайце, што адбывалася ў Еўропе. Агульная эканамічная прастора ад Берасця да Уладзівастока са свабодным рухам тавараў – гэта добра. Але ж яна ў нас і да гэтага была! У нас жа Мытны саюз з Расеяй працуе, няма ніякай мяжы і мытні. Але чаму тады ў 2009 годзе продажы нашых тавараў у Расеі зменшыліся роўна ў 2 разы? Столькі гадоў абдымаліся, і дакументы розныя падпісвалі, а потым раптоўна ад продажаў нашых МАЗаў засталося 17%. Расейцы не купляюць 45 вырабленых у Беларусі аўтамабіляў. Ад Уладзівастока да Смаленска не хочуць і не купляюць! Гэтыя праблемы вызначаюцца самім рынкам. І ніякі міністр не зможа загадваць: калі расейцы зробяць ніжэйшыя кошты на халадзільнікі, тэлевізары, чайнікі, ды на што заўгодна, дык беларусы будуць купляць прадукцыю расейскіх заводаў, а свае нам прыйдзецца закрыць. Што ў гэтым дзіўнага?! Тое, што шмат якія беларускія заводы будуць неэфектыўныя і неканкурэнтаздольныя ў з прычыны меншай канцэнтрацыі працы і капіталу, гэта відавочна.