Ярмошына задаволеная складам тэрытарыяльных выбаркамаў
- 1.02.2010, 13:38
У тэрытарыяльных выбарчых камісіях прадстаўнікоў палітычных партыяў менш за 1,1%.
Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі 1 лютага старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, перадае БелаПАН.
Са 149 прадстаўнікоў палітычных партыяў у тэрытарыяльныя камісіі ўключана 105. Найбольшае прадстаўніцтва мае Камуністычная партыя Беларусі (75). У камісіях будуць таксама працаваць 9 сябраў Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» (былая ПКБ), 7 — Ліберальна-дэмакратычнай партыі, 5 — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, 4 — Аб'яднанай грамадзянскай партыі, па 2 — Беларускай аграрнай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і 1 сябра Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі.
Усяго ў 1.495 тэрытарыяльных камісіяў уключана 11.697 грамадзянаў. 51,9% з іх вылучаліся шляхам збору подпісаў, 35,3% — грамадскімі аб'яднаннямі і партыямі, 12,8% — працоўнымі калектывамі.
У тэрытарыяльных камісіях будуць працаваць 999 дзяржслужачых, 1,1 тыс. грамадзянаў ва ўзросце да 30 гадоў, больш за 9 тыс. жанчынаў.
У складзе камісіяў — 4.129 прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў. З іх 1.882 прадстаўляюць прафсаюзы, 527 — БРСМ, 517 — «Белую Русь», 489 — Беларускі саюз жанчынаў.
Ярмошына лічыць добрым узровень актыўнасці грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партыяў пры вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных камісіяў. Яна падкрэсліла, што партыі і грамадскія арганізацыі запоўнілі сваю квоту ў камісіях (адна траціна), якая была ім дадзеная пасля ўнясення паправак у выбарчае заканадаўства.
Адзначым, што эксперты ўжо заявілі, што новая выбарчая кампанія нічым не адрозніваецца ад ранейшых. Змены ў выбарчым заканадаўстве былі фармальнымі. Апазіцыянераў па-ранейшаму не пускаюць у склад выбарчых камісіяў. У выбаркамах прадстаўленыя праўладныя партыі і арганізацыі.