BE RU EN

Журналіста Сяргея Серабро дапыталі па справе Каваленкі

  • 1.02.2010, 14:24

Рэдактар сайта «Народныя навіны Віцебска» мусіў быў распавесці, чаму ён фатаграфаваў падзеі 7 студзеня, калі на галоўнай ёлцы Віцебска з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг.

На допыт у абласное міліцэйскае ўпраўленне папярэдніх расследаванняў журналіста Сяргея Серабро выклікала следчая Аксана Муравіцкая, якая вядзе справу Сяргея Каваленкі. Яна распытвала Сяргея Серабро, чаму ён здымаў вывешванне бел-чырвона-белага сцяга і навошта змясціў гэтыя фотаздымкі ў інтэрнэце, паведамляе «Радыё Свабода».

Пра тое, што ён выкліканы ў якасці сведкі па крымінальнай справе Сяргея Каваленкі, журналіст даведаўся толькі падчас допыту. Папярэдне яму паведамілі, што размова пойдзе пра тое, хто гаспадар аргтэхнікі, канфіскаванай у кватэры, якую здымае Сяргей Серабро, падчас ператрусу 13 студзеня. Два сістэмныя блокі кампутараў і фотаапарат міліцыянты забралі ў гаспадыні кватэры - Сяргею Серабро пра ператрус нават не паведамілі.

Пра гэты факт парушэння закону Сяргей Серабро напісаў скаргу ў пракуратуру, і 27 студзеня аргтэхніку вярнулі. Звонку ўсё выглядала так, нібыта яе нават не глядзелі — усе пломбы і подпісы былі на месцы. Аднак больш дэталёвы агляд пацвердзіў, што змест жорсткіх дыскаў усё ж праглядалі.

Нагадаем, што 7 студзеня на вершаліне 35-метровай навагодняй ёлкі на плошчы Перамогі ў Віцебску з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. За гэта быў затрыманы 34-гадовы актывіст Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка. Пастановай пракурора Віцебска 10 студзеня апазіцыянер быў змешчаны ў СІЗА на два месяцы. У дачыненні да яго ўзбуджаная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі. 12 студзеня апазіцыянер быў вызвалены пад падпіску аб невыяздзе.

Пасля гэтага ў Віцебску пачаліся арышты і ператрусы ў дамах апазіцыянераў.

Апошнія навіны