BE RU EN

Дачка за бацьку

  • 1.02.2010, 14:32

Аказалася, што тэма грантаў можа быць блізкая сям'і намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч.

Прапагандысцкія матэрыялы пра тое, як заходнія грошы разыходзяцца па кішэнях апазіцыйных партый і непадкантрольнага дзяржаве грамадскага сектара, рыхтуюцца з месяца ў месяц, выклікаюць рэзананс, зайздрасць, нянавісць, крыўду... Увогуле, цэлы клубок супярэчлівых эмоцый. На дзіўныя супадзенні звярнула ўвагу журналіст Святлана Калінкіна, артыкул якой публікуе сайт «Белорусский партизан».

- Мы нават не ўяўляем ступені напору, з якой дзяржаўныя дзеячы выбіваюць гэтыя самыя заходнія гранты, - піша яна ў сваім своем блогу. - Памятаеце, колькі разоў Наталля Пяткевіч прарывалася праз візавую блакаду ЗША на трыбуну ААН, каб распавесці пра праблемы гандлю людзьмі, выказаць занепакоенасць ушчамленнем правоў жанчын у свеце (але не ў Беларусі, натуральна), выкласці сваё бачанне праблем бежанцаў, міграцыі, прыніжаных і гаротных.

Натуральна, яна была пачутая. Але ёсць такая асаблівасць у гэтых заходнікаў, што яны не працуюць толькі з дзяржаўнымі структурамі. Пад праект ім патрэбны нейкі «афіцыйна-грамадскі» пул. У ААНаўскія пулы вельмі часта ўваходзіць нейкая арганізацыя ГА «Беларускі рух медыцынскіх супрацоўнікаў».

Фактычна гэты незаўважны шырокаму воку рух з'яўляецца галоўным партнёрам Упраўлення вярхоўнага камісарыяту ААН па справах бежанцаў і каардынатарам па супрацоўніцтве камісарыята з іншымі беларускімі грамадскімі арганізацыямі. Пры арганізацыі нават працуе Служба па кансультацыі бежанцаў. Пры гэтым патоку бежанцаў у Беларусь няма.

Па стане на 1 снежня 2009 года іх было 817 чалавек.

Па стане на 1 снежня 2008 года - 802 чалавекі.

Па стане на 1 снежня 2007 года - 800 чалавек.

Па стане на 1 снежня 2006 года - 796 чалавек.

То бок, за чатыры гады набраўся 21 чалавек - у сярэднім 5 чалавек у год. Прычым я вельмі падазраю, што гэта проста дзеці нараджаюцца ў сем'ях тых, хто даўно зарэгістраваны бежанцамі. Але праца ж якая кіпіць! Гэта вам не 5-10 тыс. даляраў апазіцыі. Мільённыя гранты!

Напрыклад, ёсць праект на 2 мільёны даляраў. Называецца праект «Умацаванне нацыянальнай сістэмы прыстанішча Рэспублікі Беларусь». Разлічаны на тэрмін з 2007 па 2010 год. Галаўная арганізацыя атрымання замежных грантаў - МУС Беларусі. Але дапамогу таксама атрымліваюць па спісе:

Дзяржаўны камітэт памежных войскаў

Вярхоўны Суд

Пракуратура

Міністэрства юстыцыі

Міністэрства аховы здароўя

Міністэрства культуры

Міністэрства інфармацыі

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны

Абласныя выканаўчыя камітэты

Менскі гарадскі суд

Суд Цэнтральнага р-на г. Менска

Вышэйшыя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь (Беларускі дзяржаўны універсітэт, Акадэмія МУС, Ваенная Акадэмія, Інстытут нацыянальнай бяспекі)

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК);

Беларускі рух медыцынскіх супрацоўнікаў (БДМС);

Міжнароднае грамадскае аб'яднанне па навукова-даследчых і інфармацыйна-адукацыйных праграмах «Развіццё» (МГА «Развіццё»);

Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Незалежная сацыяльная дапамога» (МГА «НСД»);

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Эўрыка» Фрунзенскага раёна г. Менска (ЦТДіМ «Эўрыка»).

Грошы дае ААН і Еўрапейская камісія. Грошы не малыя. Задачы ў праекце прапісаныя салідныя, напрыклад: пошук для бежанцаў доўгатэрміновых рашэнняў (садзейнічанне ў інтэграцыі, рэпатрыяцыі, перасяленні ў трэція краіны); аказанне прававой і сацыяльнай дапамогі асобам, якія шукаюць прытулку, і бежанцам. Вось на 23 чалавекі і працуюць, спускаючы мільёны чужых даляраў, беларускія чыноўнікі.

Падрабязнасці глядзіце на афіцыйным сайце ўрада. Прычым, звярніце ўвагу, што на прафесійную падрыхтоўку бежанцаў на базе нашых сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў сродкаў прадугледжана ў 10 разоў менш, чым на аказанне ім прававой дапамогі.

Правядзенне стажыровак, трэнінгаў, азнаямленчых паездак беларускіх спецыялістаў патрабуе грошай амаль у 6 разоў больш за навучанне бежанцаў расейскай мове.

Або яшчэ адзін праект. У Менску адбылося падпісанне дакументаў па рэалізацыі праекта ЕЗ-УВКБ ААН «Павышэнне эфектыўнасці падзелу і працы з міграцыйнымі патокамі на Дзяржаўнай мяжы і ўнутры Рэспублікі Беларусь - фаза II». Дадзены праект рэалізуецца Дзяржаўным памежным камітэтам і Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле ГА «Беларускі рух медыцынскіх супрацоўнікаў» і МГА «Развіццё» (гэта правапераемнік Цэнтра па вывучэнню ААН), а таксама Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Донарамі праекта, бюджэт якога складае 888 тыс. еўра, выступаюць Еўрапейская Камісія, Упраўленне Вярхоўнага Камісара ААН па справах бежанцаў і Міжнародная арганізацыя па міграцыі.

Кіраўнік гэтага самага ўсюдыіснага ГА «Беларускі рух медыцынскіх супрацоўнікаў», якога праблемы замежнікаў хвалююць значна больш за праблемы ўласна беларусаў, - вядомы ў Менску доктар-стаматолаг Уладзімір Акімавіч Краўчанка. Па «дзіўным» супадзенні ён жа - тата галоўнага ідэалагічнага змагара з «грантасмокамі» Наталлі Уладзіміраўны Пяткевіч. Электронны даведнік беларускіх НДА дагэтуль выдае, што арганізацыя зарэгістраваная па адрасе г.Менск, вул.Прытыцкага, 46. І ўсё па тым жа «дзіўным» збеге абставін дакладна такі ж адрас у стаматалагічнай паліклінікі № 7, якой загадвае Уладзімір Краўчанка.

«Так сталася, што літаральна ў суседнім доме ад паліклінікі у мяне ўжо гадоў дзесяць жыве лепшы сябар. На пытанне, ці бачыў ён калі-небудзь тут натоўп бежанцаў, ён вельмі здзівіўся: «Ты што, з дуба звалілася?..» Можа, арганізацыю «перасялілі», а можа 5 бежанцаў з «штогадовага прыбытку» проста згубіліся ў натоўпе - не ведаю», - здзіўляецца Святлана Калінкіна.

Дарэчы, апроч бежанцаў ТАА Уладзіміра Краўчанкі таксама займаецца пытаннямі ўсынаўлення беларускіх дзяцей-сірот. А гэта, як вядома, наогул вельмі прыбытковы бізнес. Праўда, часта - на мяжы закону.

Апошнія навіны