Новы кіраўнік МЗС Літвы: «Мы будзем працаваць і з апазыцыяй, і з уладай Беларусі»
- 1.02.2010, 16:20
Пра сваё бачанне стасункаў з Беларуссю распавёў міністр замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Аўдронюс Ажубаліс.
Літоўскі палітык лічыць, што яго ведамству неабходна працаваць як з дэмакратычнай апазіцыяй, так і з афіцыйным Менскам. Такую заяву ён зрабіў, адказваючы на пытанне РИА «Новости» пра тое, якім ён бачыць развіццё адносінаў з Беларуссю.
«Я бачу іх як дарогу, у якой ёсць дзве паралельныя паласы: гэта праца і падтрымка дэмакратычнай апазіцыі з аднаго боку і, вядома, праца і кантакты з афіцыйным Менскам, маючы на ўвазе, каб у перспектыве з супрацоўніцтва дзвюх палос засталася адна дарога, каб гэтыя дзве паласы зліліся ў адну», - падкрэсліў Аўдронюс Ажубаліс.
Нагадаем, што 26 студзеня прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ падпісала дэкрэт, якім прыняла адстаўку міністра замежных спраў Вігаўдаса Ушацкаса.
«Прэзідэнт інфармавала, што ў цэлым праца з Ушацкасам была няўдалай і беспэрспэктыўнай, паколькі міністр страціў давер прэзідэнта», - сказаў прэс-сакратар прэзідэнта Лінас Бальсіс.
Напачатку года МЗС Літвы ўручыў Беларусі ноту з-за таго, што Генпракуратура РБ адмовілася аказаць дапамогу ў расследаванні справы 13 студзеня. Пры гэтым літоўскі бок заявіў пра намер прыцягнуць да адказнасці грамадзян Беларусі - генерала Уладзіміра Усхопчыка і Станіслава Юонэне.
Сама ж Даля Грыбаўскайтэ заяўляла напярэдадні, што гатова вырашаць пытанне аб выдачы Літве Усхопчыка праз «палітычны дыялог» з Аляксандрам Лукашэнкам.