BE RU EN

БЮТ патрабуе пераліку галасоў у дзвюх абласцях і Крыму

  • 10.02.2010, 13:47

Блок Юліі Цімашэнка, чый лідэр, паводле папярэдніх дадзеных, прайграла прэзідэнцкія выбары, будзе патрабаваць масавага пераліку галасоў.

Размова ідзе пра Данецкую і Луганскую вобласці і Аўтаномную рэспубліку Крым. Пра гэта паведаміў дэпутат з фракцыі БЮТ Сяргей Уласенка, перадае «Корреспондент.net».

«Толькі пералік галасоў пацвердзіць перамогу таго ці іншага кандыдата падчас выбараў», - сказаў Уласенка, дадаўшы, што «галоўнае – зрабіць пералік галасоў у тых рэгіёнах, якія выклікаюць найбольшыя нараканні» адносна зробленых парушэнняў.

Паводле словаў дэпутата, «прынцыпова, што гэтыя парушэнні насілі сістэмны характар».

Пра сістэмны характар парушэнняў казаў таксама дэпутат з фракцыі БЮТ Андрэй Сенчанка, які асаблівую ўвагу надаў сітуацыі ў Крыме. Паводле словаў дэпутата, удалося дамагчыся пераліку галасоў на невялікай колькасці ўчасткаў і пры гэтым, паводле яго словаў, выявіліся «абуральныя факты».

Сенчанка таксама заявіў, што парушэнні на выбарах у Крыме, на яго думку, значна паўплывалі на вынікі волевыяўлення грамадзян, і таму Блок Юліі Цімашэнка будзе дамагацца аднаўлення справядлівасці ўсімі законнымі метадамі.

Партыя рэгіёнаў, у сваю чаргу, заяўляла пра фальсіфікацыі на захадзе Украіны на карысць Цімашэнка.

Апошнія навіны