Лідэраў Саюза палякаў выклікаюць на допыты
- 11.02.2010, 13:56
Міліцыянты прыйшлі ў гарадзенскую фірму «Палоніка», якой кіруе старшыня непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс.
Яны прынеслі позвы на допыт Анжаліцы Борыс, а таксама Андрэю Пачобуту, Мечыславу Яскевічу і Ігару Банцару, паведамляе «Радыё Свабода».
Міліцыянты не патлумачылі, з чым звязаныя выклікі на допыт, але, хутчэй за ўсё, прычынай можа быць правядзенне ўчора ў Гародні вулічнай акцыі салідарнасці з Саюзам палякаў, які пераследуецца ўладамі, лічыць актывіст СПБ Анджэй Пачобут.
Пачобут таксама паведаміў, што яны адмовіліся браць позвы, бо актывістаў СПБ выклікалі тэрмінова — на 15 гадзіну. Аднак міліцыянты позвы пакінулі і, магчыма, паспрабуюць даставіць лідэраў Саюзу палякаў на допыт прымусова.
Адначасова міліцыя пачала чарговую праверку друкаванага органа СПБ — часопіса «Magazyn Polski», у звязку з чым іншай позвай у пастарунак выклікалі яго рэдактара Ігара Банцара.
8 лютага ў Івянцы ў Польскі дом, якія належыць непрызнанаму ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, з'явіліся супрацоўнікі міліцыі і судовыя выканаўцы. Будынак быў абкружаны міліцыянтамі. Актывістаў непрызнанага Саюза палякаў з Польскага дома выдалілі з ужываннем сілы. Зараз у Польскім доме засядае праўладная арганізацыя СПБ.
5 лютага Ленінскі раённы суд Гародні пакараў штрафам у памеры 71 мільёны рублёў фірму «Палоніка», якой кіруе Анжаліка Борыс. Гэта фактычна можа азначаць яе ліквідацыю.
Атрыманыя фірмай ад польскай арганізацыі «Wspolnota Polska» грошы гарадзенская падатковая інспекцыя палічыла гуманітарнай дапамогай. Фірма «Палоніка» пасля расколу Саюза палякаў у 2005 годзе выкарыстоўвалася прыхільнікамі Анжалікі Борыс для ажыццяўлення дзейнасці ў легальным фармаце. Праз фірму праходзіла навучанне польскай мове, арганізоўваліся канцэрты, аплачвалася арэнда памяшкання, утрымліваліся некаторыя Польскія дамы. Улады гэта ведалі і да апошняга часу не чапалі «Палоніку», пакуль зноў не пачаўся сур'ёзны ціск на Саюз палякаў.
Саюз палякаў быў расколаты ў 2005 годзе. Частка яго, лаяльная уладам, з'яўляецца афіцыйна прызнанай. Актывісты непрызнанага СПБ на чале з Анжалікай Борыс падвяргаюцца пераследу з боку ўладаў.
У сувязі з сітуацыяй вакол Польскага дома ў Івянцы, польская партыя «Права і справядлівасць» (PiS) запатрабавала ўвесці эканамічнае эмбарга Еўразвяза супраць беларускіх уладаў.