BE RU EN

Супраць збітага міліцыяй Лябедзькі могуць узбудзіць крымінальную справу (Фота)

  • 16.02.2010, 9:09

Лідэр АГП быў затрыманы падчас суду над кіраўнічкай івянецкага аддзялення Звяза палякаў Тэрэзай Собаль.

15 лютага старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька быў вызвалены з Валожынскага РУУС толькі ў 19.00, правёўшы там больш за 9 гадзінаў. Палітык паведаміў падрабязнасці свайго затрымання сайту ucpb.org.

«Супрацоўнікі міліцыі адмаўляліся пускаць людзей у будынак суда, заявіўшы, што тут праходзіць спецаперацыя. Калі я пачаў фатаграфаваць беззаконне, якое адбывалася, на камеру мабільнага тэлефона, мяне адразу схапілі, заламалі рукі, пачалі біць па нагах і даставілі ў будынак РУУС.

Падпалкоўнік Петаш узяў у мяне тлумачэнні па факце таго, што адбылося, затым, у 17 00 прыйшоў намеснік пракурора Юрэвіч і мяне даставілі да суддзі Зенькі. Высветлілася, што мяне абвінавачваюць па артыкуле 23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і лічаць арганізатарам несанкцыянаванага мітынгу. Пасля суддзя Зенька ўдакладніў, што зараз справа разглядацца не будзе, а ўсе матэрыялы будуць накіраваныя ў пракуратуру дзеля ўзбуджэння крымінальнай справы», -- распавёў Анатоль Лябедзька.

Лябедзька лічыць, што канфлікт вакол Дома польскага ў Івянцы выкліканы тым, што беларускія ўлады жадаюць кантраляваць усё, у тым ліку грамадзянскую супольнасць.

«Чаму ўсё адбываецца ў такой жорсткай форме? Я думаю, віна за гэта ляжыць на частцы палітычнай апазіцыі і на міжнароднай супольнасці, якія сталі тварам паварочвацца да «чырвонага» дома і задам да грамадзянскай супольнасці. Лукашэнка нічога не зрабіў, а з ім сустракаецца Папа Рымскі, прыязджае Берлусконі, беларускіх дыпламатаў прымаюць у Варшаве. А частка апазіцыі замест таго, каб выступаць за крытычны дыялог уладаў з Брусэлем, аддала перавагу ўбудавацца ў новую палітыку, падтакваючы, што ў нас усё нармальна», – сказаў палітык.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, 15 лютага, напярэдадні суду над кіраўнічкай непрызнанага ўладамі Звяза палякаў у Івянцы Тэрэзай Собаль, беларускімі ўладамі было затрымана кіраўніцтва ЗПБ на чале з Анжалікай Борыс.

Борыс аштрафаваная на 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыс. рублёў), прадстаўнікі кіраўніцтва Анджэй Пачобут, Ігар Банцар і Мячыслаў Яскевіч асуджаныя на пяць сутак арышту за арганізацыю 10 лютага ў Гародні мітынгу ў падтрымку Івянецкай арганізацыі ЗПБ.

Усяго 15 лютага ў розных месцах Беларусі былі затрыманыя каля 40 актывістаў ЗПБ, якія накіроўваліся ў суд Валожынскага раёна, каб падтрымаць Собаль.

Тэрэза Собаль абвінавачваецца ў захопе мясцовага Дома палякаў. Пазоў у дачыненні да Собаль падаў старшыня праўладнага СПБ Станіслаў Сямашка.

Нагадаем, што 8 лютага Польскі дом быў захоплены супрацоўнікамі міліцыі. Усіх актывістаў ЗПБ на чале з Тэрэзай Собаль адтуль выгналі з ужываннем сілы, а ўвялі туды пад аховай міліцыі кіраўніка праўладнага Саюза палякаў у Івянцы Станіслава Бурачэўскага.

Звяз палякаў быў расколаты ў 2005 годзе. Частка яго, лаяльная ўладам, з'яўляецца афіцыйна прызнанай. Актывісты непрызнанага ЗПБ на чале з Анжалікай Борыс церпяць пераслед з боку ўладаў.

15 лютага каля суду была таксама затрыманая рэдактар польскамоўнай газеты «Glos znad Niemna na uchodzstwie» Ірэна Валюсь

Апошнія навіны