BE RU EN

Польскія СМІ: Лукашэнка закрыў палякаў, а Польшча закрые межы

  • 16.02.2010, 17:03

Пераслед беларускіх палякаў стаўся на гэтым тыдні ў польскіх СМІ гарачай тэмай побач з Алімпіядай у Ванкуверы.

Як паведамляе «Еўрарадыё», у інтэрв’ю польскаму выданню «Gazeta Wyborcza» палітолаг Гжэгаж Грамадскі заявіў:

«Апошнія падзеі ў Беларусі – не выпадак, а добра запланаваная акцыя. Рэжым з аднаго боку тэстуе не толькі Польшчу, але і ўвесь Еўразвяз, а з другога боку – гэта ўнутраная палітыка Менска, які не хоча дапусціць, каб нейкая група беларускага грамадства паказвала, што рэжым не ўсемагутны. Рэжым Лукашэнкі атакуе палякаў не таму, што яны палякі, а таму, што гэта добра арганізаваная група, якая адчувае сілу з прычыны знешняй падтрымкі, а ўнутры Беларусі дае «дурны» прыклад іншым».

«Бяздомныя» – пад такім загалоўкам выйшла публікацыя пра беларускіх палякаў у самым папулярным тыднёвіку «Newsweek-Polska», дзе апісваюцца жорсткія падрабязнасці штурму Дома польскага ў Івянцы. Ілюстраваны матэрыял здымкам палякаў на прыступках івянецкага дома, адкуль іх выкінула міліцыя.

У эфіры радыё TOK FM эксперты выказалі думку, што «акцыю справакалі прарасейскія сілы ў атачэнні Лукашэнкі, якія жадаюць адцягнуць Беларусь ад Захаду і захаваць яе ў сферы уплыву Расеі».

У штодзённіку «Метро» шэф клуба польскай кааліцыі PO-PSL Яцэк Сарыюш-Вольскі піша: «Напэўна, трэба даць Беларусі адказы на пытанні, якія яна задала сваімі дзеяннямі: ці можа Беларусь набліжацца да Еўразвяза, не звяртаючы ўвагі на абыходжанне з польскай меншасцю? Адказ Еўразвязу павінен гучаць: не».

Апошнія навіны