BE RU EN

Францыя асудзіла рэжым Лукашэнкі

  • 18.02.2010, 9:28

МЗС Францыі заклікала Менск выконваць правы ўсіх беларускіх грамадзянаў, у тым ліку і польскай нацыянальнай меншасці.

Пра гэта заявіў прэс-сакратар французскага знешнепалітычнага ведамства Бернар Валеро. Па словах Валеро, становішча польскай меншасці ў Беларусі з'яўляецца прадметам непакою для ўсяго ЕЗ.

Валеро таксама падкрэсліў, што павага правоў чалавека з'яўляецца найважнейшым правілам «Усходняга партнёрства». Беларусь удзельнічае ў праграме з 2009 года, такім чынам, яна павінна выконваць гэтае правіла, цытуе РАР словы прадстаўніка МЗС Францыі.

Нагадаем, што ўчора Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю, якая асуджае дзеянні беларускіх уладаў. «У сувязі з новай хваляй рэпрэсіяў супраць Саюза палякаў у Беларусі, а таксама яго актывістаў, парламент лічыць, што трэба вярнуць палітыку санкцыяў у дачыненні да Беларусі» - сказана ў рэзалюцыі, прапанаванай спікерам СеймаБраніславам Камароўскім.

Да гэтага польскі прэзідэнт Лех Качыньскі накіраваў спецыяльны ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім выказаў «заклапочанасць і рашучы пратэст рэпрэсіям супраць Саюза палякаў у Беларусі».

Разам з тым ўчора ўпаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка, даў зразумець, што Саюза палякаў, пра які кажуць польскія ўлады, у Беларусі папросту не існуе. «У нас няма ніякіх двух саюзаў палякаў. У нас ёсць адна агульная арганізацыя, якая называецца Саюз палякаў на Беларусі і якую ўзначальвае Станіслаў Сямашка», - падкрэсліў Леанід Гуляка.

Практычна паралельна з гэтым, Валожынскі суд адабраў Польскі дом у Івянцы у Саюза палякаў, які прызнаецца польскімі ўладамі, і перадаў яго афіцыйнаму саюзу. Адпаведнае рашэнне было прынятае 17 лютага.

Таксама 17 лютага лідэр Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс і іншыя актывісты гэтай арганізацыі былі ізноў затрыманыя міліцыяй.

Апошнія навіны