Аўтааматараў перасадзяць у трамваі
- 19.02.2010, 15:21
З 1 ліпеня падвышаюцца пошліны на аўтамабілі, але застаюцца ранейшымі – на трамваі і трактары.
Як перадае «Інтэрфакс», віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што Беларусь гатовая выканаць сваё абяцанне па ўніфікацыі парадку ўвозу легкавых аўтамабіляў.
«Рашэнне было няпростым, але ў адказ Расея і Казахстан падтрымалі нашую прапанову па захаванні ставак на цэлы шэраг таварных групаў, у якіх зацікаўленыя айчынныя вытворцы. Так, захаваюцца стаўкі на (грузавыя) аўтамабілі, трактары, сельгастэхніку і трамваі», - аргументаваў Кабякоў рэзкае падвышэнне мытных пошлінаў, якое ўжо адбылося з 1 студзеня, на легкавыя аўтамабілі, што імпартуюцца юрыдычнымі асобамі.
Што датычыць пошлінаў на легкавыя аўто, якія ўвозяцца фізасобамі, Кабякоў пацвердзіў намер краінаў-удзельніцаў МС правесці перамовы па ўмовах увозу фізасобамі так званых «тавараў некамерцыйнага абарачэння».
«Тэндэнцыя такая, што, магчыма, будзе ўніфікаваны парадак увозу (фізасобамі) аўтамабіляў з трэціх краінаў», - разам з тым прызнаў Кабякоў.
Як адзначае АФН, пад «тэндэнцыяй» варта разумець ідэю стварэння айчыннага аўтапрама, якая паразіла ўсю вярхушку беларускай улады.