Еўракамісія: Беларусь парушае Дэкларацыю Усходняга Партнёрства
- 19.02.2010, 15:36
Уладам нагадалі пра ўмовы па дэмакратызацыі Беларусі – яны не выкананыя.
У Брусэлі выказалі занепакоенасць у сувязі з узмацненнем рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі ў цэлым і Саюза палякаў у прыватнасці.
«Дзеянні беларускіх уладаў, накіраваныя на змену кіраўніцтва Саюза палякаў і захоп іх уласнасці, супярэчаць Дэкларацыі Саміту Усходняга партнёрства, якую Беларусь падпісала 7 траўня 2009 года ў Празе», — адказала Еўракамісія на пісьмовы запыт дэпутата Еўрапарламента Рышарда Чарнецкага.
Як перадае «Еўрарадыё», Еўракамісія таксама выказала занепакоенасць абмежаваннем свабоды аб'яднанняў у Беларусі і сітуацыяй з арганізацыяй Саюза палякаў у прыватнасці.
«Якасць дэмакратыі ў краіне вымяраецца, сярод іншага, тым, як улады ставяцца да меншасцяў», — адзначаецца ў адказе Еўракамісіі.
Выканаўчы орган ЕЗ нагадвае Беларусі, што паляпшэнне стасункаў залежыць ад прагрэсу ў пяці асноўных сферах: адсутнасць палітвязняў, рэформа выбарчага заканадаўства ў адпаведнасці з рэкамендацыямі АБСЕ, лібералізацыя медыясферы і забеспячэнне свабоды сходаў і аб'яднанняў, паляпшэнне ўмоваў працы і прававога становішча недзяржаўных арганізацыяў, абвяшчэнне мараторыя і адмена смяротнага пакарання.
Нагадаем, што ў апошні час непрызнаны беларускімі ўладамі Саюз палякаў адчувае на сабе моцны ціск. Людзей, якія змагаюцца за права заставацца незалежнай арганізацыяй, арыштоўваюць, супраць іх узбуджаюцца крымінальныя справы, пішуцца паклёпніцкія артыкулы ў афіцыйнай прэсе, па ўсёй краіне канфіскуюцца Польскія дамы, якія належаць ім.
Таксама беларускія ўлады працягваюць праводзіць рэпрэсіі супраць апазіцыі, разганяючы мірныя акцыі і збіваючы дэманстрантаў.