Беларускія лыжнікі не патрапілі ў фіналы камандных спрынтарскіх гонак
- 23.02.2010, 9:01
На зімовых Алімпійскіх гульнях у Ванкуверы 22 лютага беларускія лыжнікі занялі 7-е месца і былі дыскваліфікаваныя.
Беларускія спартоўцы не патрапілі ў фіналы камандных спрынтарскіх гонак (6 па 1,2 км у жанчынаў і 6 па 1,4 км у мужчынаў), дзе выступала па 10 наймоцнейшых дуэтаў.
Кацярына Рудакова і Вольга Васілёнак занялі сёмае месца сярод дзевяці параў сваёй групы з вынікам 19 хвілінаў 52,3 секунды.
Сяргей Далідовіч і Леанід Карняенка былі дыскваліфікаваныя пасля таго, як Карняенка перад фінішам пераблытаў маршрут. Па выніках пяці этапаў беларуская пара была сёмая сярод 11 зборных сваёй групы.
Залатыя медалі ў жаночым камандным спрынце заваявалі немкі Эві Захенбахер і Клаўдзія Нюстад (18.03,7), срэбныя — шведкі Шарлота Кала і Ганна Хааг (+0,6), бронзавыя — расейкі Ірына Хазава і Наталля Каратылёва (+4,0).
У мужчынаў алімпійскімі чэмпіёнамі сталі нарвежцы Остэйн Петэрсэн і Петэр Нортхуг (19.01,0), срэбнымі прызёрамі — немцы Цім Чарнке і Аксель Тайхман (+1,3), бронзавымі — расейцы Мікалай Марылаў і Аляксей Петухоў (+1,5).