Галоўны ідэолаг Гародні аддаў загад арыштаваць апазіцыянераў
- 23.02.2010, 9:38
У панядзелак увечары ў Гародні былі затрыманыя намеснік старшыні «Маладога фронта» Алесь Кіркевіч і актывістка Вераніка Велігор.
Апазіцыянераў затрымалі за распаўсюд мясцовай газеты «Хрысціянская Абарона».
Як перадае прэс-служба «Маладога фронту», моладзевых актывістаў даставілі ў аддзяленне міліцыі, канфіскавалі дваццаць тры асобнікі газеты (для даследавання), склалі пратакол і прыблізна праз гадзіну адпусцілі.
Апазіцыянеры заяўляюць, што раней у іх не ўзнікала праблемаў з распаўсюдам газеты.
«Раней падобных праблемаў не было. У гэты раз, наколькі я заўважыў, побач праходзіў намеснік старшыні аблвыканкама па ідэалогіі. Газета патрапіла да яго. Праз некалькі хвілінаў нас забралі», - распавёў Алесь Кіркевіч.
Акрамя таго актывісты «Маладога фронту» адзначылі, што ў газеце была змешчаная карыкатура на Уладзіміра Саўчанку - былога кіраўніка гарадзенскай вертыкалі, які быў звольнены з гэтай пасады «па ўласным жаданні».