Лябедзьку дапыталі ў пракуратуры па «валожынскай справе»
- 24.02.2010, 8:56
23 лютага лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька быў выкліканы ў Менскую абласную пракуратуру.
Як паведаміў палітык БелаПАН, старэйшага следчага пракуратуры Аляксандра Азарэвіча цікавілі абставіны яго паездкі ў Валожынскі раён Менскай вобласці.
Нагадаем, Лябедзька быў затрыманы раніцай 15 лютага ў Валожыне каля ваеннай часткі, дзе праходзіў суд над кіраўніком Івянецкай арганізацыі незарэгістраванага Саюза палякаў у Беларусі (СПБ) Тэрэзай Собаль, абвінавачанай у захопе Дома польскага ў Івянцы. Лябедзька фатаграфаваў на мабільны тэлефон дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія не дапускалі на тэрыторыю часткі актывістаў неафіцыйнага СПБ.
«Калі тэрмін майго затрымання перавысіў тры гадзіны, я пачаў патрабаваць тлумачэнняў, але ніхто не змог мне іх даць. У 17.00 з'явіўся намеснік пракурора раёна, які прыняў у мяне заяву адносна майго незаконнага затрымання з ужываннем сілы і канфіскацыі маіх асабістых рэчаў. Пасля дастаўкі ў суд высветлілася, што мяне абвінавачваюць па арт. 23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (арганізацыя несанкцыянаванага мітынгу і перашкаджэнне працы суда). Але суддзя адразу ж сказаў, што адміністрацыйная справа разглядацца не будзе, бо пасля вывучэння матэрыялаў вырашыў перадаць яе пракурору Валожынскага раёна для ўзбуджэння крымінальнай справы», — сказаў Лябедзька.
Палітык правёў у Валожынскім РАУС каля дзевяці гадзінаў.
Па словах Лябедзькі, размова ў Менскай абласной пракуратуры не патлумачыла яго статус у «валожынскай справе».
«Сітуацыя павінна высветліцца праз 10 дзён альбо праз месяц, калі будуць падоўжаныя тэрміны вывучэння матэрыялаў справы», — паведаміў ён. Свой выклік у пракуратуру Лябедзька разглядае як «фактар псіхалагічнага ціску».