Мытнікі нават не ведаюць, наколькі вырастуць пошліны на аўтамабілі
- 25.02.2010, 14:04
Беларусь і Расея рыхтуюць пагадненні аб увозе легкавых аўтамабіляў у Мытны саюз для фізічных асоб.
Пра гэта паведаміў намеснік начальніка аддзела мытнага рэгулявання ДМК Беларусі Уладзімір Магучы сёння на паседжанні круглага стала па пытаннях развіцця Мытнага саюза, які праходзіць у фармаце сустрэчы дзелавых колаў Расеі і Беларусі, перадае БелТА.
Прадстаўнік мытнай службы Беларусі нагадаў, што ад 1 студзеня 2010 года пры ўвозе легкавых аўтамабіляў дзейнічаюць стаўкі адзінага мытнага тарыфу Мытнага саюза. За аснову ўзяты імпартны мытны тарыф Расеі. У выніку для Беларусі гэтыя стаўкі павялічаныя, але гэта тычыцца толькі юрыдычных асоб.
Для ўвозу легкавых аўтамабіляў «ніякіх зменаў па выплаце пошлін да 1 ліпеня 2010 года не прадбачыцца», сказаў спецыяліст. Разам з тым ён не даў пэўнага прагнозу, што будзе пасля 1 ліпеня.
Зараз працоўная група прадстаўнікоў трох краін Мытнага саюза распрацоўвае пагадненне, якое будзе рэгуляваць увоз легкавых аўтамабіляў для фізічных асоб. Да пазначанага тэрміну гэтая праца будзе завершана. «Зараз ідзе ўзгадненне ўзроўню ставак і пакуль цяжка прагназаваць, якія будуць іх памеры. Ясна, што гэта будзе падвышэнне. Але падставаў для таго, што стаўкі могуць павялічыцца ў разы, няма», - адзначыў Уладзімір Магучы.
Раней СМІ паведамлялі, што сёлета варта чакаць істотнага падзення аб'ёмаў увозу аўто, паколькі ў выніку ўніфікацыі пошлін з Расеяй размытнёўка пасля 1 ліпеня вырасце ў разы і будзе ў асобных выпадках перавышаць кошт самога аўтамабіля. Так, на іншамаркі, якія былі ў эксплуатацыі, стаўкі пошлін у Расеі вар'іруюцца ў залежнасці ад працоўнага аб'ёму рухавіка ад 1,5 да 5,8 еўра за 1 см куб. Рынак новых аўто таксама прыйдзе ў сябе яшчэ не хутка.
Летась на павелічэнне ўвозу ў Беларусь іншамарак паўплываў крызіс. Паводле дадзеных статыстыкі, у 2009 годзе ў Беларусь было імпартавана 163 тыс. легкавых аўтамабіляў, што на 36,4 тыс. менш за 2008 год (мінус 18,4%). Падзенне адбылося ўпершыню з 2002 года. У грашовым выражэнні імпарт аўто таксама скараціўся. Ён склаў крыху больш за 1 млрд. даляраў супраць 1,4 млрд. у 2008-м. Фізасобы і юрыдычныя асобы завезлі ў 2009 годзе машын амаль пароўну (76,2 тыс. і 87,3 тыс. адпаведна). Сярэдняя цана ўвезенага ў 2009 годзе аўтамабіля склала 6 212 даляраў (ніжэй за 2008 год на 15,1%).