Суд над палітвязнямі Аўтуховічам і Асіпенкам пачнецца 10 сакавіка
- 26.02.2010, 15:06
Сёння стала вядомая дакладная дата суда над ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам і былым ваеннаслужачым Уладзімірам Асіпенкам.
Працэс прызначаны на 10 сакавіка ў Вярхоўным судзе. Пра гэта паведаміла адвакатам абвінавачаных сакратар суддзі Аляксея Цяцюхіна, які будзе весці працэс.
«Паводле маіх дадзеных працэс пачнецца ў адкрытым рэжыме, але потым па рашэнні бакоў яго могуць і закрыць», - паведаміў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка.
Нагадаем, што 8 лютага 2009 года ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. Затрыманым было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня 2009 года ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асоб» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13). Іх абвінавачваюць у падрыхтоўцы замаху на жыццё вышэйшых службовых асоб вобласці. Пазней Юры Лявонаў быў вызвалены, з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні.
У студзені 2010 года ўплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» прызнала ваўкавыскіх прадпрымальнікаў і арыштаванага ўдзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага палітвязнямі.