Андрэй Саннікаў: Сікорскі выдыгае перад Лукашэнкам
- 26.02.2010, 16:30
Дзеянні міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага прывядуць да ўзмацнення рэпрэсій супраць грамадзян Беларусі, упэўнены лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
«Менавіта Сікорскі з'яўляўся актыўным прыхільнікам «новай» палітыкі Еўразвяза ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі. Калі гэтая палітыка пачыналася, нам абяцалі хуткую дэмакратызацыю. Аднак сёння мы бачым вынікі гэтай стратэгіі. Замест таго, каб па-мужчынску прызнаць правал сваіх дзеянняў у дачыненні да Беларусі, міністр Сікорскі выдыгае перад дыктатарам Лукашэнкам, спадзяючыся атрымаць хоть які вынік», - заявіў Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю сайту charter97.org.
Падчас учорашняй сустрэчы ў Кіеве Сікорскі дамовіўся з Лукашэнкам аб стварэнні нейкай сумеснай польска-беларускай камісіі, эксперты якой, паводле кіраўніка МЗС Польшчы, павінны «спакойна і кулуарна» вырашыць праблему польскай меншасці ў Беларусі.
«Ад камуністычных часоў мы ведаем, што для таго, каб пахаваць праблему, трэба стварыць камісію. Гэта зараз і адбылося. Нягледзячы на тое, што і прэзідэнт Польшчы Качыньскі, і старшыня Еўрапарламента Бузэк, і старшыня Сейма Камароўскі гавораць пра тое, што праблема не толькі ў беларускіх палякаў, а ў дыктатарскім рэжыме, які атакуе ўсю грамадзянскую супольнасць, кіраўнік польскага МЗС упарта не жадае заўважаць сутнасці таго, што адбываецца. Яго дзеянні скіраваны на тое, каб прыцішыць канфлікт, а не вырашыць яго», - заявіў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».
Андрэй Саннікаў падкрэслівае: «Сёння ў польскай палітыцы ў дачыненні да Беларусі на чашы вагаў знаходзяцца ідэалы «Салідарнасці» і «рэал-палітык». Ад таго, якая тэндэнцыя пераможа, залежыць, як Польшчу будуць успрымаць беларусы».