За перарасходванне электрычнасці пакараюць рублём
- 3.02.2010, 10:07
Саўмін абвесціў новы этап усеагульнай эканоміі электраэнергіі, якая закране ўсіх.
1 лютага Савет міністраў пастанавіў, што краіне трэба будзе эканоміць на электраэнергіі - адсоткаў на восем. Канкрэтным арганізацыям прапісалі планы, колькі тон умоўнага паліва трэба зэканоміць за год. А Мінэканомікі, Мінжылкамунгасу, Міністэрству энергетыкі і Дзяржстандарту далі 10 дзён на тое, каб прыдумаць новую сістэму платы за энергію, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси».
«У пастанове Саўміна №92 напісана, што ўжыванне падвышаючых каэфіцыентаў за неашчаднае выкарыстанне энергіі варта лічыць мэтазгодным, - распавялі ў аддзеле энерганагляду і нармавання дэпартамента Дзяржстандарту РБ. - Арганізацыям дадзенае даручэнне распрацаваць новыя, дыферэнцыяваныя тарыфы. З савецкіх часоў існуе нарматыў расходвання цеплавой энергіі і электраэнергіі на чалавека. Яго прыйдзецца перапрацаваць - з таго часу камунальны сектар змяніўся. У дамах ужо не адзін тэлевізар, а некалькі, ёсць пральныя машыны і бытавая тэхніка, кампутары… Энергіі нашым сучаснікам трэба больш, і нарматыў павінен гэта ўлічыць. Далей яго будуць памнажаць на колькасць зарэгістраваных у кватэры чалавек, і ўсё, што расходавана звыш за норму, будзе абкладацца падвышаючым каэфіцыентам. Хутчэй за ўсё, праз ЖЭС. Гэта будзе стымуляваць выкарыстоўваць энергію рацыянальна: выключаць святло, калі выходзіш з пакоя, не пакідаць уключанай ваду, купляць энергазахавальныя лямпы замест звычайных. Якія, дарэчы, на працягу тэрміна гарантыі можна абмяняць на новыя, калі перагараць. На Захадзе звычайныя лямпы напальвання даўно забароненыя! І тарыфы на энергію дыферэнцыяваныя. Толькі па іншым прынцыпе: уначы энергія танней, удзень даражэй».
Плаціць за перарасходванне энергіі будуць не толькі жыхары кватэраў, але і прадпрыемствы. Праект новых нормаў і тарыфаў павінен быць гатовы да 10 лютага. Увесці іх плануецца на працягу гэтага года, каб паспець выканаць канцэпцыю энергетычнай бяспекі краіны на 2010 год.