Швейцарыя замарозіла актывы сям'і дыктатара Гаіці
- 4.02.2010, 13:12
Новы закон ускладніць жыццё аўтарытарных кіраўнікоў, якія захоўваюць мільёны ў швейцарскіх банках.
Улады Швейцарыі замарозілі актывы былога гаіцянскага дыктатара Жан-Клода Дзювалье, больш вядомага як Бэбі-Док, пасля таго, як рашэннем швейцарскага суда мільёны даляраў былі прызнаныя прыналежнымі сям'і Дзювалье, паведамляе сайт bfm.ru. Гаворка ідзе пра суму, па меншай меры, у 4,6 мільёны даляраў.
Бэбі-Док збег з выспы ў лютым 1986 года пасля народнага паўстання. У 2002 годзе ўрад Швейцарыі замарозіў банкаўскія рахункі, звязаныя з Дзювалье, а таксама некаторымі членамі яго сям'і.
Нагадаем, што 3 лютага ў Швейцарыю вылецеў Аляксандр Лукашэнка. Як заявіла прэс-служба беларускага кіраўніка, падчас візіту Лукашэнка «сустрэнецца з прадстаўнікамі бізнесу і палітычных колаў гэтай краіны. Дзелавая частка візіту, які працягнецца некалькі бліжэйшых дзён, сумешчана з кароткатэрміновым адпачынкам».