У Віцебску пачалі разліваць малдаўскі каньяк
- 5.02.2010, 15:19
РУП «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод» пачаў разліў малдаўскага каньяку ўслед за грузінскім і ўкраінскім.
Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» на прадпрыемстве.
Фірма-вытворца - ТАА «ПІК ВКЗ «Залаты бусел». «Першая партыя каньяку аб'ёмам 2,01 тыс. дал разліта ў студзені, у канцы лютага плануецца яго рэалізацыя», - распавялі суразмоўцы агенцтва.
Яны таксама нагадалі, што з пачатку 2009 года завод ажыццяўляе разліў украінскага каньяку, з лета 2009 года - грузінскага.
Як паведамілі на прадпрыемстве, для пашырэння вытворчасці каньяку сёлета на гэтым участку плануецца ўстанавіць дадатковае абсталяванне для захоўвання каньячных спіртоў. «Праект і праектна-каштарысная дакументацыя ўжо распрацаваны, у другім квартале 2010 года мы плануем пачаць рэалізацыю гэтага праекта», - дадалі прадстаўнікі завода.
Усяго ў 2010 годзе прадпрыемства плануе вырабіць 25 тыс. дал каньяку. «У 2009 годзе яго выпуск склаў 13 тыс. дал», - нагадалі спецыялісты прадпрыемства.
Яны таксама дадалі, што ў 2010 годзе Віцебскі ЛГЗ плануе працягнуць імпарт бутыляванага каньяку. «Завод увайшоў у пералік прадпрыемстваў, якія атрымалі права на імпарт алкагольных напояў у 2010 годзе», - растлумачылі яны.