BE RU EN

Нарадзіўся я ліцвінам…

  • 5.02.2010, 16:42

Урачыстасці з нагоды святкавання 264-й гадавіны з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі прайшлі ў яго радавым маёнтку з удзелам лідэраў апазіцыі.

Фальварак, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка, знаходзіцца ў вёсцы Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёна Берасцейскай вобласці. Ушанаваць памяць вялікага беларуса прыехалі лідэры апазіцыі, замежныя дыпламаты, дзеячы культуры, гісторыкі, грамадскія дзеячы, журналісты, мясцовыя жыхары і беларусы з розных куткоў краіны.

Прыезд лідэраў апазіцыі спалохаў мясцовыя ўлады. На пад'ездзе да Мерачоўшчыны супрацоўнікамі ДАІ быў затрыманы аўтобус з дэмакратычнымі актывістамі, і людзям давялося дабірацца да сядзібы Касцюшкі пешшу. Страх быў такі вялікі, што ў будынак сядзібы, падчас знаходжання там чыноўнікаў Берасцейскага аблвыканкама і Івацэвіцкага райвыканкама, пускалі толькі па спецыяльных спісах. Вакол дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў у цывільным.

Калі чыноўнікі закрыліся ў музеі, на вуліцы, побач з памятным знакам прайшоў імправізаваны мітынг. Выступілі лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Праспяваў свае найлепшыя песні бард Зміцер Бартосік.

Гісторык Уладзімір Арлоў назваў ганебнай сітуацыю, калі ў Беларусі няма помнікаў Тадэвушу Касцюшку, вуліцы не названыя ў яго гонар, а замест гэтага ў краіне праслаўляецца расейскі палкаводзец Аляксандр Сувораў, які патапіў паўстанне Касцюшкі ў крыві. Беларус Тадэвуш Касцюшка - ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой ЗША і Польшчы, аднак нацыянальным героем Беларусі ў нашай краіне ён афіцыйна так і не прызнаны.

«Мы, беларусы - еўрапейскі народ. Нашыя гарады стагоддзямі жылі па Магдэбургскім праве, нашыя студэнты вучыліся ў заходніх універсітэтах, у нас быў Рэнесанс і Рэфармацыя, у дзяржаве нашых продкаў была прынятая другая ў свеце, пасля амерыканскай, Канстытуцыя. І Тадэвуш Касцюшка - гэта той чалавек, лёс якога сведчыць пра тое, што мы - еўрапейцы.

Ганьба сённяшняй уладзе, што імем карніка Суворава ў нашай краіне па-ранейшаму называюцца дзесяткі вуліц. Тут, на камені, напісана, што ён вялікі сын беларускай зямлі. Гэта эўфемізм, насамрэч Касцюшка - нацыянальны герой, і гэта прызнана незалежным беларускім грамадствам ужо даўно. Прыйдзе час, калі Касцюшка будзе афіцыйна лічыцца нашым нацыянальным героем. А тое, што мы кожны год збіраемся тут, сведчыць пра нашае вяртанне да Еўропы, да еўрапейскіх ідэалаў, за якія змагаліся паўстанцы Касцюшкі», - заявіў Уладзімір Арлоў.

Арганізатар урачыстасцяў, актывіст Партыі БНФ Алесь Мех паведаміў, што пры падрыхтоўцы мерапрыемства ў яго ўзнікла нямала праблем з мясцовымі ўладамі.

«Мяне заўсёды здзіўляла пазіцыя беларускіх уладаў: яны зусім не хочуць ведаць нашай сапраўднай гісторыі. Таму наша задача сёння - прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай праблемы і паказаць, што ў краіны ёсць гісторыя, якой яна можа ганарыцца. Прыклад Касцюшкі паказвае нам, што свабода - самае дарагое, што ёсць у чалавека і за яе трэба змагацца. І мы зробім усё для таго, каб 265-я гадавіна з дня яго нараджэння прайшла ўжо ў свабоднай Беларусі», - запэўніў палітык.

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, выступаючы на мітынгу, адзначыў, што беларус Тадэвуш Касцюшка зрабіў вялікі ўнёсак у барацьбу за свабоду і дэмакратыю ва ўсім свеце.

«Я вельмі рады, што мяне запрасіў на гэтае мерапрыемства старшыня аргкамітэта Аляксандр Мех. Я даўно збіраўся пабываць тут, але ніяк не даводзілася. Хоць я ўскладаў кветкі ля помніка Касцюшкі ў Вашынгтоне, двойчы быў у ягоным музеі ў швейцарскім Салатурне. Тадэвуш Касцюшка зрабіў вялікі ўнёсак у барацьбу за свабоду і дэмакратыю ва ўсім свеце. Гэта адзін з тых вялікіх сыноў зямлі беларускай, дзякуючы якім мы ганарымся сваёй гісторыяй, сваёй радзімай, сваімі землякамі. Я пагаджуся з шматлікімі амерыканскімі палітыкамі і дыпламатамі, якія казалі, што, дзякуючы Касцюшку, унёсак Беларусі ў справу свабоды і незалежнасці Злучаных Штатаў нашмат большы за амерыканскую дапамогу развіццю свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», - адзначыў Андрэй Саннікаў.

Часовы павераны ў справах ЗША у Беларусі Майкл Скэнлан

Пісьменнік Уладзімір Арлоў

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў

Бард Зміцер Бартосік праспяваў свае найлепшыя песні

За мерапрыемствам назіралі і здымалі на відэа супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў

Пасля ўрачыстасцяў прайшоў творчы вечар Уладзіміра Арлова і Змітра Бартосіка, прысвечаны нацыянальным героям Беларусі

Даведка charter97.org: Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў 1747 годзе ў Беларусі, вучыўся ў кадэцкім корпусе ў Варшаве, у Парыжскай ваеннай акадэміі, потым 7 гадоў ваяваў за незалежнасьць Злучаных Штатаў Амерыкі. Сябраваў з аўтарам Дэкларацыі незалежнасці ЗША Томасам Джэферсанам, атрымаў вышэйшыя амерыканскія ўзнагароды, званне генерала і мог застацца там і рабіць выдатную кар'еру. Але ў 1784 годзе вярнуўся на радзіму, і ў 1794 годзе ўзначаліў паўстанне супраць Расейскай імперыі, у якую пасля падзелу Рэчы Паспалітай увайшла тэрыторыя Беларусі. Удзельнікамі паўстання сталі ад 40 да 50 тысяч нашых суайчыннікаў. Гэта былі шляхцічы, студэнты, гімназісты, простыя сяляне, якія тысячамі пайшлі пад сцягі Касцюшкі. Праз месяц пасля таго, як Касцюшка абвясціў акт аб пачатку паўстання, у рукі паўстанцаў перайшлі Вільня, Гародня, Берасце, Ашмяны, Браслаў, Ваўкавыск, Ліда, Слонім, Пінск, Наваградак. Аднак паўстанне было асуджана на паразу, бо яго душыла расейская рэгулярная армія на чале з Аляксандрам Суворавым. Пазней Напалеон прапаноўваў яму стаць генералам арміі, але Касцюшка адмовіўся. Тадэвуш Касцюшка заўсёды падкрэсліваў, што быў беларусам: «Нарадзіўся я ліцвінам... заслона будучыні яшчэ пакрывае лёс маёй роднай зямлі...».

Апошнія навіны