Заходнія крэдыты для Беларусі ідуць на ваенны саюз з Расеяй
- 6.02.2010, 16:37
У Ваеннай дактрыне Расеі супрацоўніцтва з Беларуссю названае асноўным прыярытэтам. РФ таксама пакідае за сабой права выкарыстоўваць армію па-за межамі краіны.
Тэкст дактрыны быў зацверджаны напярэдадні прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым. Дактрына прадугледжвае каардынацыю дзейнасці Беларусі і Расеі ў галіне развіцця нацыянальных узброеных сілаў і выкарыстання ваеннай інфраструктуры. У дакуменце кажацца таксама пра неабходнасць выпрацоўкі і ўзгаднення мераў па падтрыманні абараназдольнасці «саюзнай дзяржавы» у адпаведнасці з Ваеннай дактрынай «саюзнай дзяржавы».
У якасці прыярытэту ваенна-палітычнага супрацоўніцтва з дзяржавамі - чальцамі АДКБ вызначаная кансалідацыя высілкаў і стварэнне калектыўных сілаў «у інтэрасах забеспячэння калектыўнай бяспекі і сумеснай абароны, з іншымі дзяржавамі - удзельніцамі СНД - забеспячэнне рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, ажыццяўленне міратворчай дзейнасці».
З гэтага часу Расея разглядае ўзброены напад на краіну - удзельніцу «саюзнай дзяржавы» ці любыя дзеянні з ужываннем ваеннай сілы супраць яе як акт агрэсіі супраць усёй «саюзнай дзяржавы» і ажыццявіць меры ў адказ.
У дакуменце таксама кажацца, што Расея разглядае ўзброены напад на дзяржаву - чальца АДКБ як агрэсію супраць усіх краінаў АДКБ і ажыццявіць у гэтым выпадку меры ў адпаведнасці з Дамовай аб калектыўнай бяспецы.
Пры гэтым Расейская Федэрацыя пакідае за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў адказ на ўжыванне супраць яе і (ці) яе саюзнікаў ядзернага і іншых відаў зброі масавага паражэння, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць Расейскай Федэрацыі з ужываннем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўленае само існаванне дзяржавы.
Акрамя таго, новая Ваенная дактрына РФ прадугледжвае права Расеі выкарыстоўваць свае Узброеныя сілы па-за межамі краіны ў мэтах абароны інтэрасаў РФ і яе грамадзянаў.
У дактрыне пералічаныя асноўныя ваенныя пагрозы для РФ: узмацненне НАТА за кошт далучэння новых чальцоў, разгортванне сістэмаў СРА, «рэзкае абвастрэнне ваенна-палітычнага становішча і міждзяржаўных стасункаў і стварэнне ўмоваў для ўжывання ваеннай сілы».
Гэты дакумент ужо раскрытыкаваў генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн. Ён упэўнены, што новая расейская Ваенная дактрына, у якой у ліку ваенных небяспекаў для РФ названыя пашырэнне НАТА і разгортванне сістэмаў СРА, не адлюстроўвае рэальнасці.
«Я павінен сказаць, што новая дактрына не адлюстроўвае рэальны свет... НАТА не вораг Расеі. Яна не адлюстроўвае рэальнасці і відавочна супярэчыць усім нашым спробам палепшыць стасункі паміж НАТА і РФ», - заявіў Расмусэн агенцтву «Reuters» у кулюарах 46-й Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.
Каментар charter97.org: Прынятая Ваенная дактрына Расеі і месца ў ёй Беларусі пацвярджае, што ўсе спробы Захаду павярнуць у бок Еўропы беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнку праваленыя. У адказ на актывізацыю кантактаў чыноўнікаў Еўразвяза з афіцыйным Менскам, іх згодніцкую пазіцыю ў пытанні парушэння беларускімі ўладамі правоў чалавека за апошні год адбылося заканчэння фармавання адзінай сістэмы СПА Беларусі з Расеяй, падпісанае пагадненне аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання АДКБ, прайшлі найбуйнейшыя ваенныя вучэнні на тэрыторыі Беларусі, нацэленыя супраць Еўразвяза, адроджаны Мытны Саюз, які з'яўляецца асновай еўразійскага аб'яднання і ўзнаўлення СССР.
Менавіта на гэта – маштабныя ваенныя вучэнні з Расеяй, грандыёзныя ваенныя парады, падобныя таму, які прайшоў 3 ліпеня 2009 года, падтрымку шмат якіх карных структураў - унутраныя войскі, міліцыю, КДБ, розныя спецпадраздзяленні і асабістую службу бяспекі дыктатара, фармаванне ваенных частак КСАР, якія ствараюцца, перш за ўсё, для задушэння народных пратэстаў ва ўмовах крызісу ў краінах-удзельніцах АДКБ, - і сыходзяць крэдыты Міжнароднага Валютнага Фонду, якія вылучаюцца сёння беларускаму рэжыму.