Швейцарскія вакацыі зацягнуліся
- 8.02.2010, 13:06
Аляксандр Лукашэнка ўсё яшчэ не вярнуўся са Швейцарыі, у якой знаходзіцца з 3 лютага.
«Прэзідэнт яшчэ не вярнуўся і працягвае знаходзіцца ў Швейцарыі», — паведаміў БелаПАН кіраўнік прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі Павал Лёгкі.
Пра тое, што Лукашэнка накіраваўся з «працоўным візітам» у Швейцарыю, яго прэс-служба паведаміла ўвечары 3 лютага. Тэрміны візіту не ўдакладняліся. «Кіраўнік дзяржавы сустрэнецца з прадстаўнікамі бізнэсу і палітычных колаў гэтай краіны. Дзелавая частка візіту, які працягнецца некалькі найбліжэйшых дзён, сумешчаная з кароткатэрміновым адпачынкам», — казалася ў прэс-рэлізе.
4 лютага Павал Лёгкі паведаміў, што Лукашэнка вернецца «з дня на дзень». Ён таксама адзначыў, што прэс-служба паведаміць пра вынікі паездкі беларускага кіраўніка.
Мэта паездкі Лукашэнка застаецца невядомай. Як раней заявіў дэпутат парламента швейцарскай канфедэрацыі і ПАРЕ, кіраўнік фракцыі сацыял-дэмакратаў у ПАРЕ Андрэас Грос, Лукашэнка з'ехаў адпачываць. Свае вакацыі беларускі кіраўнік, па словах парламентара, праводзіць на адным з горналыжных альпійскіх курортаў на ўсходзе Швейцарыі.