Мытны саюз можа абмежаваць экспарт шэрагу нафтапрадуктаў
- 8.02.2010, 13:45
Камісія Мытнага саюза Расеі, Беларусі і Казахстана ўнесла газу, дызельнае паліва і мазут у пералік тавараў, істотна важных для ўнутранага рынка.
Згодна з рашэннем (N168) ад 27 студзеня, апублікаваным на сайце Мытнага саюза, у выключных выпадках у дачыненні да экспарту гэтага віду тавараў могуць быць усталяваныя часовыя абмежаванні, можа быць таксама ўведзеная забарона экспарту, перадае «Інтэрфакс».
Пад забарону экспарту могуць патрапіць сярэднія і цяжкія дыстыляты падсубпазіцыяў таварнай наменклатуры 2710 19.
У пералік таксама ўключаныя прадукты харчавання і асобныя віды пракату.
Пагадненне аб парадку ўвядзення і ўжывання мераў, якія закранаюць знешні гандаль таварамі на адзінай Мытнай тэрыторыі, уступіла ў сілу 1 студзеня. Пералік выключных выпадкаў, пры надыходзе якіх можа ўводзіцца забарона экспарту ў пагадненні не прапісаны. Паводле дакумента, камісія Мытнага саюза павінна была зацвердзіць пералік тавараў, да якіх можа ўжывацца забарона экспарту да 30 студзеня.