BE RU EN

Беларусь можа паўтарыць лёс Румыніі пры Чаўшэску

  • 9.02.2010, 9:22

Асноўная фаза эканамічнага крызісу ў Беларусі прыйдзецца на 2010-2011 гады, а ўлады ўжо набралі велізарную колькасць крэдытаў.

У канцы 2009 года беларускі ўрад заяўляў пра тое, што ў атрыманні новых пазыкаў ад МВФ, які стаў асноўным крэдыторам Беларусі, больш няма неабходнасці. Аднак 3 лютага беларускі прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі паведаміў, што Беларусь мае намер пасля заканчэння дзеяння цяперашняй праграмы крэдыту stand-by распачаць перамовы з МВФ з адносна прыцягнення новай пазыкі. Самі эксперты МВФ сцвярджаюць, што запатрабаванне Беларусі ў знешнім фінансаванні ў 2010 годзе ўзрасце да 5 млрд. даляраў.

Сітуацыю пракаментаваў ІА «REGNUM» беларускі эканаміст, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Новая эканоміка» Сяргей Шыпценка.

- Беларусь за апошні год вельмі істотна нарасціла знешні дзярждоўг. Прычым тэмпы яго нарошчвання былі зусім беспрэцэдэнтнымі, такога не адбывалася за ўвесь папярэдні час. Гэта кажа пра тое, што пайсці на такія меры ўрад Сідорскага прымусілі насамрэч надзвычайныя абставіны.

У канцы мінулага года з боку ўрада былі зробленыя досыць саманадзейныя заявы, звязаныя з неадэкватнымі ацэнкамі эканамічнай стратэгіі. Існавала поўная нявызначанасць адносна бюджэту, асабліва яго прыбытковай часткі - вядома, што меліся неабгрунтаваныя ілюзіі наконт нафтавага і газавага пытанняў. Тое, у якім выглядзе быў прыняты беларускі бюджэт на 2010 год, і тое, як ён складаўся, кажа, што адэкватнага разумення таго, што адбываецца з нацыянальнай эканомікай у афіцыйнага Менска няма. Таму ў Нацбанку і ва ўрадзе спачатку паспяшаліся заявіць, што крэдыт МВФ у 2010 годзе Беларусі не спатрэбіцца.

На самой справе неабходнасць у крэдытаванні ёсць. Яна ацэньваецца экспертамі на ўзроўні 2-4 млрд. даляраў. МВФ, безумоўна, будзе і надалей крэдытаваць Беларусь, таму што сумарна беларускі дзярждоўг пакуль дастаткова невялікі. Акрамя таго, крэдытная гісторыя 2009 года дала станоўчы вынік. Ва ўсялякім выпадку, эксперты МВФ былі задаволеныя і сур'ёзных прэтэнзіяў не выказалі. Адсутнасць крыніцаў знешняга крэдытавання ў сувязі з сітуацыяй з Расеяй вымушае Беларусь шукаць запазычанні ў іншых дзяржаваў, і самая рэальная крыніца такіх запазычанняў - гэта МВФ. Фонд згодны даваць рэсурсы невялікімі траншамі. Пакуль што ідуць перамовы, паколькі МВФ нейкім чынам здзіўлены наўпрост супрацьлеглымі заявамі беларускага ўрада, якія агучваюцца за такі кароткі прамежак часу - сур'ёзнымі людзьмі так справы не робяцца. Тым не менш, рэсурсы ў МВФ ёсць, роўна як і жаданне дапамагаць беларускай эканоміцы. Эксперты МВФ не зацікаўленыя ў тым, каб эканамічная сітуацыя ў Беларусі, дзе пачаўся павольны, але ўсёткі рост, дэстабілізавалася. Таму ў 2010 годзе фінансаванне будзе працягнутае, пытанне заключаецца толькі ў тым, у якіх маштабах.

Натуральна, у будучыні нельга выключаць, што сітуацыя набудзе палітычны падтэкст. Тут можна праводзіць паралелі з краінамі, якія раней былі актыўнымі кліентамі МВФ у плане запазычанняў. Можна ўзгадаць тую ж Румынію часоў Чаўшэску, якая, вядома гасіла запазычанасці перад знешнімі крэдыторамі, аднак там ішло на продаж усё - толькі для таго, каб прадэманстраваць, што Румынія нікому нічога не павінна. Пры гэтым там была цікавая гісторыя са структурай румынскага экспарту, якая вельмі нагадвала цяперашнюю беларускую сітуацыю.

Значны аб'ём валютных паступленняў звонку Румынія атрымлівала за кошт экспарту нафтапрадуктаў - яна перапрацоўвала ўласную нафту, а таксама тую сыравіну, якую закупляла ў СССР. Бухарэст гнаўся за нафтаперапрацоўкай, імкнуўся насыціць сусветны рынак. У выніку ў румынскай эканоміцы адбыліся структурныя перакосы, і прыкладна тое ж назіраецца ў сённяшняй Беларусі. Зараз па шэрагу прычынаў скачуць кошты на нафтапрадукты і скарачаецца прыбытак ад іх продажу. Натуральна, узнікае пытанне, за кошт чаго «закрываць» сацыяльныя праграмы і фінансаваць тыя будоўлі стагоддзя, якія ў нас разгарнуліся, за кошт чаго падтрымліваць функцыянаванне інфраструктуры і забеспячэнне сацыяльных дабротаў хаця б на мінімальным узроўні.

Дынаміка росту знешняй запазычанасці вельмі трывожыць экспертаў. Тое, што адбываецца кажа пра тое, што ўсе знешнія запазычанні пойдуць на латанне сацыяльных праграмаў. І любая дэстабілізацыя крэдытных лініяў будзе мець у выбарчым 2011 годзе абавязковыя палітычныя наступствы.

Акрамя таго, гэтыя даўгі прыйдзецца камусьці аддаваць. Як відаць, гэта прыйдзецца рабіць не жывымі грашыма, а актывамі. Грошай у ранейшым аб'ёме ўжо не будзе. Беларускі экспарт у Расею знізіўся ў два разы, рынак беларускіх калійных угнаенняў (Індыя і Кітай) таксама сур'ёзна пацярпеў падчас крызісу. Што датычыць беларускіх нафтапрадуктаў, асноўным пакупніком якіх з'яўляецца ЕЗ, дык з увядзеннем стоадсоткавай экспартнай пошліны на расейскую нафту гэты экспарт таксама абрынецца - ён ужо пачаў валіцца. Зараз ужо кажуць пра тое, што Беларусь губляе ўкраінскі рынак нафтапрадуктаў, Галандыя таксама закупіць іх у меншай колькасці, чым чакалася раней. Напаўняльнасць рэспубліканскага бюджэту вельмі сур'ёзна скароціцца. У гэтым сэнсе крэдыты МВФ стануць проста глытком паветра для тапельца. Эканамічны крызіс прыйшоў у Беларусь са спазненнем, і яго асноўная фаза прыйдзецца якраз на 2010-2011 гады.

Апошнія навіны