Юры Лявонаў: «Прад'явіць Аўтуховічу і Асіпенку абсалютна няма чаго»
- 9.02.2010, 13:39
Былы палітвязень лічыць, што суд над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі пачнецца ў хуткім часе.
Разам з сябрамі Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам Юры Лявонаў быў захоплены спецслужбамі 8 лютага 2009 года ў Ваўкавыску па абвінавачванні ў наўмысным знішчэнні маёмасці. 8 жніўня 2009 года Лявонава вызвалілі з-пад варты, а 24 верасня з яго знялі крымінальныя абвінавачванні. Паўгады невінаваты чалавек правёў за кратамі - удалечыні ад сям'і, родных, блізкіх, сяброў.
«Адседзеў не сваё. У лістападзе памёр бацька... Зараз прыехаў да мамы - за ёй патрэбен догляд, так што жыву ў Маскве. Зрэдку езджу дадому - пабачыцца з сям'ёй», - распавёў «Беларускаму партызану» Юры Лявонаў.
Нядаўні палітвязень вельмі доўга шукаў працу: у Беларусі, выязджаў у Польшчу. Пасля смерці бацькі вымушаны быў адправіцца ў Маскву.
У першым інтэрв'ю пасля выхаду на волю Юры Лявонаў спрагназаваў вынік гэтай крымінальнай справы: «Будзе суд, і будзе прысуд». І зараз Лявонаў прытрымваецца такога ж меркавання.
«Хутчэй за ўсё, будзе суд… І так да агіднасці доўга ўсё вырашаецца... Але я па-ранейшаму ўпэўнены - прад'яўляць хлопцам няма чаго, абсалютна няма чаго!».
Нагадаем, што праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення. У студзені 2010 года ўплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» прызнала ваўкавыскіх прадпрымальнікаў і арыштаванага ўдзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага палітвязнямі.