BE RU EN

«Советская Белоруссия» назвала падзеі ў Івянцы «анекдотам» і «бурай у шклянцы вады»

  • 9.02.2010, 14:28

На наступны дзень пасля сілавога захопу ўладамі Польскага дому ў Івянцы газета адміністрацыі Лукашэнкі выйшла з артыкулам «Хто ў доме гаспадар».

Аўтар артыкула Дзмітрый Крат піша пра тое, як «не пашкадаваўшы выхаднога дня, у мінулую нядзелю адправіўся ў Івянец». Гісторыю канфлікту Крат апісвае, натуральна, з пункту гледжання афіцыйных уладаў:

«З гэтага гарпасёлку прыходзяць нейкія незразумелыя паведамленні: лепш разабрацца на месцы. Тутэйшае аддзяленне Саюза палякаў пару тыдняў таму правяло перавыбары кіраўніка. Пост заняў мясцовы жыхар Станіслаў Бурачэўскі. Падставай для перавыбараў сталася тое, што папярэдніца Бурачэўскага - таксама мясцовая жыхарка Тэрэза Собаль стала фігуранткай крымінальнай справы. Дэталяў не ведаю, нешта там пра злоўжыванні пры выкарыстанні матэрыяльнай дапамогі. На абарону Т. Собаль паўсталі людзі, вядомыя на Гарадзеншчыне, актывісты групы Анжалікі Борыс, у свой час, дарэчы, таксама адхіленай з'ездам Саюза палякаў ад кіраўніцтва гэтай арганізацыяй. Шумна прыбыўшы ў Івянец, яны правялі свой сход, на якім пацвердзілі паўнамоцтвы Собаль. У выніку можа падацца, што зараз у маленечкай Івянецкай грамадскай арганізацыі нешта накшталт двоеўладдзя», - напісаў супрацоўнік «Советской Белоруссии», упусціўшы той факт, што «падзел» Саюза палякаў на лаяльныя і нелаяльныя ўладам структуры адбыўся з ініцыятывы беларускіх чыноўнікаў, а крымінальная справа супраць Тэрэзы Собаль узбуджана незаконна.

Паказчык, што назву Польскі дом Крат піша не інакш як у двукоссі, мабыць, падкрэсліваючы, што будынкі, пабудаваныя за кошт польскай дзяржавы, прысвоеныя беларускімі ўладамі.

Далей Крат абураецца, што яго, супрацоўніка газеты адміністрацыі Лукашэнкі, не пусцілі на паседжанне Саюза палякаў у Івянцы.

«І пачалося! Мяне ў літаральным сэнсе не пусцілі на парог, нібыта я прыйшоў не ў памяшканне грамадскай арганізацыі, а на базу падлодак! І хто сабе гэта дазволіў? Няхай бы нейкі чынадрал, які зарваўся. Не, у ролі Дзяржыморды выступіў... гарадзенскі журналіст - гэта значыць, па ідэі, чалавек перадавых поглядаў - уласны карэспандэнт «Газеты выбарчай» Анджэй Пачобут. Першыя ж яго словы былі тырадай з лексікону класічнага бюракрата: «Ваша акрэдытацыя?» І жорстка патлумачыў: «За суткі да мерапрыемства ваша кіраўніцтва павінна накіраваць нам адпаведны ліст». Я крыху збянтэжыўся: «Якое «мерапрыемства»? Каму гэта - нам?» Можа, у гэтага Пачобута ў вачах траіцца? Некалькі імгненняў я прыходзіў у пачуцці і спрабаваў суаднесці прадэманстраванае Пачобутам вар'яцтва з тым, што Анджэй у Івянцы, як і я, у камандзіроўцы, што мы абодва выконваем прафесійныя абавязкі. Адкуль гэта Анджэй набраўся такіх дзікіх манер, ён жа здаецца карэспандэнт вельмі рэспектабельнай варшаўскай газеты?

Спачатку я пасмяяўся, потым стала крыху не па сабе. Да чаго ж мы дажылі, калі адзін журналіст - гарадзенскі - так паводзіць сябе з менскім. Вось бы ўзрадваліся праваабаронцы з БАЖ і прынцыпіялы з «Рэпарцёры без межаў», вось бы для іх быў сюрпрыз! Нават у самым страшным сне яны наўрад ці сабе ўяўлялі такія беспардонныя паводзіны паўнамоцнага прадстаўніка паважанай «Газеты выбарчай».

Пакуль я разважаў пра фантастычную сітуацыю, дзверы «польскага дома» адкрыліся і на ганак выйшаў нейкі чалавек у камуфляванай вопратцы, які стаў мяне фатаграфаваць. Што за чартаўшчына, што адбываецца? Хто гэтыя людзі, якія адкрыта бравіруюць нахабствам, што яны ўвогуле робяць у Івянцы?», -«абураецца» супрацоўнік «Советской Белоруссии».

Пра правакацыі і рэпрэсіі супраць Саюзу палякаў, Дзмітрый Крат піша наступным чынам: «Нейкая бура ў шклянцы вады, зладжаная Борыс, Пачобутам і астатняй кампаніяй. «Бура», на жаль, знаходзіць жывы водгук у некаторых палітыкаў, якія лічаць гэты дрэнны анекдот гісторыяй, вартай увагі. Тым больш, што ўся яна не вартая выедзенага яйка. Калі гаворка ўсяго толькі ідзе пра тое, хто прэтэндуе на тую самую «частку» будынка - гэта вельмі рынкавая і распаўсюджаная сітуацыя - то бок цывілізаваны шлях: зварот у суд і чаканне рашэння. Чые прэтэнзіі задаволіць суд, той і будзе гаспадаром у доме. Як жа інакш? Навошта ж «актывістам» барыкадавацца, не пускаць «чужых» і нават журналістаў? Дзеля чаго гэты фарс? Навошта кампраметаваць іншых, вырашаць, хто «паляк, а хто не варты гэтага звання», уводзіць непажаданых, як гэта было ў савецкія часы, у «спісы невыязных», рабіць з Борыс фігуру кантынентальнага маштабу - і адкуль толькі знаходзяцца ў некаторых дзеячоў на ўсё гэта і час, і грошы?»

Далей супрацоўнік «Советской Белоруссии» заклікае актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута «скінуць з сябе мундзір квартальнага наглядчыка і спакойна, як журналіст з журналістам, пагутарыць на гэтую тэму, якая, безумоўна, набывае грамадскі рэзананс і будзе цікавая чытачам». «Хваліцца «сілай» - несур'ёзна!», - «мудра» заключае ён.

Апошнія навіны