Беларуская «палатка»: спяшацца з адменай смяротнага пакарання не варта
- 9.02.2010, 16:50
Дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» лічаць, што адмена смяротнага пакарання можа заняць дзесяцігоддзе.
«Умова знаходжання ў зняволенні на працягу ўсяго жыцця, можа, нават не больш гуманна за само смяротнае пакаранне», - заявіла дэпутат «палаты прадстаўнікоў» Ганна Лявіцкая падчас круглага стала «Еўрапейскія каштоўнасці», які прайшоў у Менску 4-5 лютага пры удзеле беларускіх чыноўнікаў, недзяржаўных арганізацый і прадстаўнікоў Рады Еўропы.
На думку «дэпутата» Анатоля Глаза, які ўваходзіць у працоўную групу аб пытанні выкарыстання смяротнага пакарання, спяшацца з яго адменай не варта.
«Каштоўнасны фонд нацыі фармуецца стагоддзямі. І калі ён такі ў нас сфарміраваны, ён не можа быць нівеліраваны пад еўрапейскія каштоўнасці за пяць гадоў, за дзесяць або за год. Трэба ісці да гэтага паступова», - заявіў Глаз.
На пытанне, ці гатовы «парламент» у бліжэйшы час адмяніць смяротнае пакаранне, Анатоль Глаз адказаў, што агульная пазіцыя «дэпутатаў» не абмяркоўвалася. Але працоўная група будзе шукаць варыянты, і першае паседжанне пройдзе на гэтым тыдні.
У любым выпадку, адразу смяротнае пакаранне адменена не будзе - толькі пасля мараторыя, заявіў Анатоль Глаз.
«Я хачу падкрэсліць, што нават калі будзе прынята пазітыўнае рашэнне, то не пакрокавым яно быць не можа. То бок першы крок - гэта, вядома, мараторый, а не адмена», - сказаў «палатачнік».
Дакладчык па Беларусі Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый Рады Еўропы Сырыл Рычы працытаваў словы Генеральнага сакратара Рады Еўропы аб тым, што адмена смяротнага пакарання - пытанне палітычнай волі, і разглядаць яго на рэферэндуме - памылкова.
Дырэктар дэмакратычных інстытутаў Рады Еўропы Чылдэрык Шаапфельд прывёў у якасці прыкладу Францыю.
«Францыя - класічны прыклад, дзе пытанне аб адмене смяротнага пакарання вырашалася не на рэферэндуме, таму што на ім яно, верагодна, не прайшло б. Гэта рашэнне прыняў парламент, які дзейнічаў у інтарэсах грамадства», - адзначыў Чылдэрык Шаапфельд.
Нагадаем, што ў чэрвені 2009 года Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы ў сваёй рэзалюцыі звязала вяртанне Беларусі гасцявога статусу ў асамблеі з мараторыем на смяротнае пакаранне.
Беларусь - адзіная краіна Еўропы, якая не толькі не ўваходзіць у Раду Еўропы, а нават не мае гасцявога статусу. 47 еўрапейскіх краін, разам з усімі нашымі суседзямі, уваходзяць у Раду Еўропы. А адпаведна, іх грамадзяне могуць падаваць заяўкі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека супраць парушэння сваіх правоў дзяржаўнымі органамі.