BE RU EN

Яцэк Пратасевіч: Раздражняе, што беларускія ўлады хочуць браць грошы ў Захада

  • 1.03.2010, 8:36

Афіцыйны Менск спрабуе наладзіць супрацоўніцтва з ЕЗ без палітычных рэформаў.

Дэлегацыя Еўрапарламента завершыла візіт у Беларусь, куды яна прыбыла для азнаямлення са становішчам польскай меншасці ў краіне.

Чалец дэлегацыі Яцэк Пратасевіч заявіў, што падчас візіту былі арганізаваныя сустрэчы еўрапарламентароў з прадстаўнікамі апазіцыі і афіцыйных уладаў, з якімі дэлегаты абмеркавалі пытанне ўдзелу Беларусі ў парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» («Еўранэст»).

Еўрадэпутаты павінны даць справаздачу па выніках візіту, якая ляжа ў аснову далейшых крокаў еўрапейскіх структураў у сферы стасункаў ЕЗ з Менскам. Справаздача будзе гатовая да канца гэтага тыдня.

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч назваў «раздражняльным» стаўленне афіцыйнага Менска да супрацоўніцтва з еўрапейскай супольнасцю.

«Больш за ўсё раздражняе той факт, што беларускія ўлады не разумеюць, што свабода грамадзянаў, як у эканамічным, так і ў палітычным плане, гэта гарантыя дабрабыту краіны. Ім здаецца, што дзеля вырашэння ўсіх праблемаў дастаткова пазычыць грошай на Захадзе», - заявіў Яцэк Пратасевіч у інтэрв'ю «Польскаму радыё».

Еўрадэпутат пракаментаваў таксама крытычныя матэрыялы пра непрызнаны афіцыйнымі ўладамі Саюз палякаў, якія ў апошні час з'явіліся ў афіцыйных беларускіх СМІ. На яго думку, такія дзеянні абражаюць польскую меншасць у Беларусі.

Кажучы пра свае ўражанні, Пратасевіч заявіў, што ў Беларусі «мы маем справу з моцным ціскам як на грамадзянскую супольнасць, важнай часткай якой з'яўляецца Cаюз палякаў Анжалікі Борыс, так і на дэмакратычную апазіцыю». На яго думку, гэта звязана з пачаткам выбарчай кампаніі ў краіне. Па словах еўрадэтутата, «Менск спрабуе наладзіць супрацоўніцтва з Еўразвязам пры найменшых палітычных рэформах», перадае РАР.

Апошнія навіны