Балгарскія бізнесмены незадаволеныя інвесткліматам у Беларусі
- 1.03.2010, 16:38
Кіраўнік гандлёва-эканамічнай службы амбасады Балгарыі ў Беларусі распавёў, што балгарскім бізнесменам цяжка прыжыцца на беларускім рынку.
Лучазар Ніколаў лічыць, што балгарскім бізнесменам вельмі цяжка інвеставаць і прасоўвацца на беларускім рынку з-за тутэйшай бюракратыі.
Як паведамляе БелаПАН, у Беларусі дзейнічае каля 50 беларуска-балгарскіх прадпрыемстваў.
«Але інвестары сутыкнуліся з трэціраваннем ад чыноўнікаў на месцах. Калі ў краіне ёсць рознае стаўленне да розных інвестараў, то гэта заўсёды становіцца знакам для ўсіх астатніх», - падкрэсліў Лучазар Ніколаў.
Паводле яго словаў, для балгарскіх інвестараў могуць быць цікавыя ў Беларусі праекты ў сферы турызму, энергазберажэння, транспарту, фінансавых паслуг.
Кіраўнік гандлёва-эканамічнай службы амбасады адзначыў, што ў 2009 годзе тавараабарот Беларусі і Балгарыі знізіўся на 43%.
«Апошнія дзесяць гадоў назіраўся ўстойлівы рост нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Штогадовы рост тавараабароту быў каля 25-30%. Але ў 2009 годзе з-за крызісу адбыўся рэзкі спад прыблізна на 43%», - сказаў ён.