BE RU EN

Еўрапарламент ухваліў праект рэзалюцыі па Беларусі

  • 10.03.2010, 9:29

Палітычныя фракцыі Еўрапарламента ўзгаднілі праект рэзалюцыі па Беларусі, якая, як чакаецца, будзе ўхваленая сёння апоўдні.

Найважнае палажэнне дакумента – патрабаванне да беларускіх уладаў зарэгістраваць Саюз палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс і перадаць арганізацыі яе ўласнасць, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на польскае агенцтва ПАП.

Акрамя таго ў праекце рэзалюцыі прадугледжваецца патрабаванне вызваліць з турмаў палітычных актывістаў Андрэя Бандарэнку, Івана Міхайлава і Арцёма Дубскага, зарэгістраваць праваабарончы цэнтр «Вясна» і партыю БХД, якім шмат разоў было адмоўлена ў легалізацыі.

Разам з тым у праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца падтрымка палітыкі адкрытасці і дыялогу Еўразвяза з Беларуссю, але з умовай, што такі дыялог будзе весці да паляпшэння сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў краіне.

Пагроза санкцыяў з'яўляецца ў дакуменце адзін раз, у самім канцы:

«Надаючы вялікую вагу працэсу лібералізацыі палітычнага і грамадскага жыцця ў Беларусі, Еўрапарламент падкрэслівае, што далейшае парушэнне правоў чалавека і асноваў законнасці ў Беларусі можа прывесці да перагляду стаўлення Еўразвяза да Беларусі, уключна з вяртаннем санкцыяў».

Праект рэзалюцыі таксама нагадвае афіцыйнаму Менску, якія магчымасці мае Беларусь у выпадку захавання дэмакратычных нормаў – краіна магла б разлічваць на падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве і партнёрстве з Еўразвязам, фінансавую дапамогу ЕБРР, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, падтрымку ў атрыманні чарговых крэдытаў МВФ.

Апошнія навіны