BE RU EN

Алег Воўчак: «Экс-губернатар Гарадзенскай вобласці ў суд не з’явіўся - знік»

  • 10.03.2010, 15:21

Падчас першага судовага працэсу над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі ў зале адсутнічаў галоўны «пацярпелы» - экс-губернатар Гарадзенскай вобласці Саўчанка.

Адсутнасць былога старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі, які быў адпраўлены ў адстаўку крыху больш за месяц да пачатку суда над палітвязнямі, выглядала, мякка кажучы, дзіўнай. Многія прысутныя ў зале Вярхоўнага суда вырашылі, што за адсутнасцю доказаў віны Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі ўлады проста вырашылі не даваць слова галоўнаму фігуранту справы.

Нагадаем, што ваўкавыскіх прадпрымальнікаў вінавацяць менавіта ў падрыхтоўцы да фізічнай ліквідацыі старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Саўчанкі і намесніка міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Васіля Каменкі.

Няяўку Уладзіміра Саўчанкі на судовы працэс сайту charter97.org пракаментаваў праваабаронца Алег Воўчак.

«Сёння на першы дзень слуханняў прыйшло шмат прадстаўнікоў беларускага бізнэсу, замежных амбасад і журналістаў. На жаль, не ўсе журналісты прайшлі ў залу. Супрацоўнікі Вярхоўнага суда матывавалі гэта адсутнасцю свабодных месцаў, хоць у зале можна было і пацясніцца. Калі пачынаўся працэс, суддзя зачытаў прозвішчы абвінавачаных і пацярпелых. З боку абвінавачаных прысутнічалі ўсе. А з пацярпелых - адсутнічаў былы губернатар Гарадзенскай вобласці Уладзімір Саўчанка. Адсутнасць такога важнага фігуранта справы здаецца вельмі дзіўнай. Бо на судзе прысутнічаў нават заняты намеснік міністра па падатках і зборах Каменка. А што перашкодзіла гэта зрабіць цяпер беспрацоўнаму Саўчанку, якога адправілі ў адстаўку?», - адзначыў Алег Воўчак.

Паводле словаў праваабаронцы, суддзя нават не знайшоў час удакладніць месцазнаходжанне былога старшыні Гарадзенскага аблвыканкама.

«Звычайна ў такіх выпадках суд павінен даручыць судоваму сакратару патэлефанаваць пацярпеламу, вызначыць, дзе ён знаходзіцца. Аднак гэтага не было зроблена. Хутчэй за ўсё, у судзе проста вырашылі «замяць» гэтае пытанне», - заявіў Воўчак.

Паводле інфармацыі праваабаронцы, няяўка галоўнага фігуранта справы можа тлумачыцца тым, што ён... знік.

«Да нас паступіла інфармацыя, што сёння ў Менск прыязджала група падтрымкі з Ваўкавыска. І яна паведаміла нам, што Саўчанка знік. Ён знік гэтасама, як нядаўна знік і экс-начальнік гарадзенскай міліцыі Генадзь Хоцька. Дзіўна, што знікаюць такія высокапастаўленыя чыноўнікі», - адзначыў Алег Воўчак

Як лічыць праваабаронца, судовы працэс па справе палітвязняў будзе зацягвацца.

«Суд будзе намагацца цягнуць час, каб паменшыць да яго грамадскую цікавасць. Нават сёння падчас першага дня адчувалася агульная напружанасць. Напружанне было відаць нават у тым, як пракурор адмаўляў Аўтуховічу ў яго хадайніцтвах», - падкрэсліў праваабаронца.

Нагадаем, што першы судовы працэс па справе палітвязняў 10 сакавіка доўжыўся ўсяго толькі дзве гадзіны. У выніку паседжанне было перанесенае на 16 сакавіка.

Падчас працэсу Мікалаю Аўтуховічу было адмоўлена ва ўсіх яго хадайніцтвах, акрамя хадайніцтва аб дадатковым вывучэнні абаронай матэрыялаў крымінальнай справы.

Апошнія навіны